Краўцэвіч: Давыд Гарадзенскі выгадны і русафілам, і нацыяналістам, і гэбістам

|

У гарадзенцаў спыталіся, дзе паставіць помнік Давыду Гарадзенскаму

 

Алесь Краўцэвіч

 

 

Герой, які можа прымірыць усіх …акрамя каталікоў і немцаў

 

Давыд Гарадзенскі быў ваяводам, прычым у дзяржаве займаў высокае становішча: у пазнейшай хроніцы адзначана, што ён быў жанаты з дачкой вялікага князя Гедыміна, то бок парадніўся з кіруючай дынастыяй. Канешне, гэта персанаж не такі значны як Вітаўт або Баторый, але гэта герой, які можа прымірыць усіх: і патрыётаў, і русафілаў, і праваслаўных, і нацыяналістаў, і ГБ-істаў… Усіх, акрамя каталікоў і немцаў, бо ён з імі ваяваў.

 

Як ваявалі ў часы Гарадзенскага?

 

У тыя часы не так часта даходзіла да вялікіх бітваў, бо не было вялікага войска: у гарадах ці замках немагчыма было б яго пракарміць. Таму трымалі невялічкую каманду дружыннікаў. Тактыка была простая: патаемна сабраць войска і напасці на варожую тэрыторыю нечакана. Паходы працягваліся нядоўга: наляцелі, парабавалі, папалілі, узялі палонных і назад. Трэба было зрабіць усё так хутка, каб войска абаронцаў не паспела сабрацца.

 

rekanstrukcyja vajara czasou Davyda

Рэканструкцыя ваяра часоў Давыда Гарадзенскага

rekanstrukcyja kryzaka

Рэканструкцыя крыжака

 

 

Спусташэнне тэрыторыяў – нармальная практыка для вайны таго часу. Ваяры Тэўтонскага ордэну, якія гэтым займаліся, мелі нават свой назоў – «рэйзы». Такімі рэйды тэўтонцы ладзілі на тэрыторыі язычнікаў, пакуль тыя не пакорацца ордэну. Давыд Гарадзенскі плаціў ворагу «той жа манетай» – хронікі, напрыклад, кажуць пра яго спусташальны паход у 1326 годзе ажно ў ваколіцы Франкфурту!

 

Запрашалі ў Пскоў як ваенспеца

 

Давыда Гарадзенскага адмыслова запрашалі ў Пскоў, каб дапамог у барацьбе з Інфлянцкім ордэнам. То бок жыхары Пскова прасілі Гедыміна, каб прыслаў ім менавіта Давыда Гарадзенскага. Гэта з аднаго боку ўскоснае сведчанне, што той быў сынам пскоўскага князя Даўмонта. З іншага боку – прызнанне яго адмыслоўцам у барацьбе з крыжакамі, які добра ведае гэтую справу. Гэта была яго спецыялізацыя, бо ў сярэднявеччы і тактыка, і ўзбраенне залежылі ад суперніка.

 

Напрыклад, маскоўскае войска XIV ст. фактычна не ведала мячоў ды цяжкага ўзбраення, бо ваявала ў стэпах: гэта была лёгкая конніца з лукамі. У нас жа, паколькі мы ваявалі з Ордэнам, былі перанятыя заходнееўрапейская тактыка ды ўзбраенне.

 

Zbroja, jakoj karystalisia u tyja czasy (pra hety nabor kaza Kraucevicz)

Зброя, якой карысталіся ў часы Давыда Гарадзенскага



Дзе пахаваны Давыд?

 

Месца пахавання Давыда Гарадзенскага дагэтуль невядомае. Але мне хочацца падтрымаць легенду, згодна якой ён ляжыць каля Каложскай царквы: ён несумненна быў адным з фундатараў самой царквы і мужчынскага манастыра пры ёй. Як вядома, фундатараў у такіх выпадках хавалі акурат пры цэрквах. Таму, сімвалічную магілу Давыду можна было б ставіць акурат каля Каложы.

 

Pa liehiendzie, Davyd pachavany la Kalozy

Паводле легенды, Давыд пахаваны ля Каложскай царквы

Камень Давыду Гарадзенскаму каля Каложы

Камень Давыду Гарадзенскаму каля Каложы



Месца для помніка – замак, а не плошча

 

Помнік Давыду, пры ўсёй павазе, не мае стаяць на цэнтральнай плошчы. Там мае стаяць конны манумент Вітаўту або Баторыю. А Гарадзенскі мог бы стаяць на Старым замку – дзе ён жыў і ваяваў. Магчыма, каля Барысаглебскай (Каложскай) царквы, дзе зараз стаіць камень. Ён быў значнай фігурай, але для цэнтральных плошчаў больш пасавалі б персанажы агульнанацыянальнага і еўрапейскага значэння.

 

Ува што апрануць Давыда Гарадзенскага?

 

Натуральна, што Давыда трэба выяўляць у зброі, на кані. У нашым музеі вісіць узор узбраення, знойдзенага пад Горадняй. Яго ў 1980-я перадалі мне школьнікі, якія выпадкова знайшлі гэты скарб. Гэта зброя канца ХІІІ – пач. XIV стст., выразна ўсходнеславянская, «русінская». Там ёсць і меч, і шалом, і дзіда, і дроцік, і фібула на плашч… поўны набор.

 

Litahrafija mastaka Basalyhi, 1991 hod (1)

Літаграфія мастака Уладзіміра Басалыгі, 1991 год

 

Так, гэта ўзбраенне не самага заможнага ваяра, але яно было аднатыпным. Больш заможны чалавек наўпрост аздабляў свае рэчы: залаціў рукаятку або выкарыстоўваў скандынаўскае ці нямецкае лязо, замест мясцовага.

 

Твар – каб хацелася змясціць на грошах

 

Ёсць апісанні знешнасці Кейстута або Альгерда, а вось Давыда Гарадзенскага, на жаль, не захавалася. Мае быць, безумоўна, барада – гэта відаць па тагачасных мініятурах. Такая была мода, таксама як і ў рыцараў Тэўтонскага ордэну. Тып твару, найхутчэй, балта-славянскі, мяшаны, бо яго бацька быў пскоўскім князям Даўмонтам.

 

Наагул, твар трэба прыдумляць – як прыдумляў абліччы польскі мастак Матэйка. І рабіць гэта так, каб пасля гэты твар хацелася змясціць на дзяржаўных грошах.