І ўцячы лягчэй, і беспрацоўе не страшнае. Як жыць на памежжы
– Спадар Віктар, гэта ж праўда, што кантрабанда гэта нешта большае за банальную перавозку праз мяжу забароненага тавару? Нейкі спосаб мыслення і бачання?
– У беларуса, дзе б ён ні жыў, менталітэт чалавека-памежніка, чалавека-кантрабандыста – але кантрабандыста сумленнага, які не парушае ніякіх маральна-этычных норм і нават законаў – бо і законы, і межы тут увесь час змяняліся. Што ўчора было можна – сёння нельга, і наадварот. Напрыклад, у залаты час гарадзенскіх кантрабандыстаў – 90-я гады – законы мяняліся штодзённа. Некалі можна было нешта купіць у Гародні – прадаць у Беластоку, сёння не можна. І людзі шчыра не разумеюць – як гэта? Што ж рабіць? Перакройваць лад жыцця? Не, лепш неяк дамовімся з тымі, хто забараняе, а не дамовімся – дык нешта прыдумаем.
– А накідайце такі партрэт гарадзенскага кантрабандыста – што гэта за чалавек?
– Гарадзенскі кантрабандыст – гэта абсалютна сумленны, вольны, руплівы чалавек, які працуе для сябе, для сваёй сям’і, любіць глядзець свет, не хоча ісці ў ярмо, не баіцца рызыкаваць, не баіцца цяжкасцяў – і займаецца тым, што перавозіць тавар з адной краіны ў другую і назад.
Да таго ж, гарадзенскі кантрабандыст гэта чалавек, які вывез сваю сям’ю за мяжу. Спачатку паехаў сам – жыццё прымусіла зарабляць – нешта яму там моцна спадабалася і захацелася падзяліцца ўражаннем з блізкімі. Безумоўна, ён прыкладзе намаганні, каб зрабіць візу жонцы, матцы, цешчы, дзецям… Таму мабільнасць людзей на памежжы большая, чым у цэнтры краіны.
Нават не ведаю, ці ёсць тут такія, хто ні разу не вывез сваю сям’ю за мяжу. А з картай паляка ўвогуле з’явіліся вялікія магчымасці для беларусаў, што выязжаюць. Польшча вельмі прываблівае, дае перспектывы ў адукацыі, таму шмат нашай моладзі з’язджае туды вучыцца… Гарадзенскі кантрабандыст нярэдка вучыць сваіх дзяцей за мяжой.
– А ідэі? Ці ажыццяўляе ён кантрабанду ідэяў?
– Гэта не простае пытанне. Па-першае, тут складана канкураваць з інтэрнэтам, па-другое, масавы попыт на ідэі не такі высокі, як на тавар. Хаця, безумоўна, кантрабанда ідэй ажыццяўляецца – чалавек, які прывозіць з-за мяжы тавар, прывозіць і нейкія свае ўражанні пра іншае жыццё – і дзеліцца імі з блізкімі, сям’ёй.
Безумоўна, мяняюцца і погляды на нейкае сацыяльнае ўзаемадзеянне. Напрыклад, хамства нашай сістэмы тут успрымаецца з большым супрацівам, бо амаль ва ўсіх ёсць магчымасць параўнання з культурай замежных краін. Часта можна пачуць, калі кагосьці міліцыянт неяк нахабна паклікаў: “Вось у Польшчы за такое засудзілі б!” “Вось у Літве такое немагчыма!”
Хаця? па-рознаму бывае. Напрыклад, аднаму не падабаецца, што немцы часта вокны мыюць, кажа: што яны, дурныя?!
– Якія яшчэ можна пераліцычь адметнасці памежнага жыццёвага ладу, ягоныя плюсы і мінусы?
– Адзін з плюсаў памежжа – чалавеку тут не так страшна застацца без сродкаў на існаванне, бо ёсць мяжа, якая, калі што, можа пракарміць. Нават легальна можна перавезці нейкую колькасць тавару на продаж, нешта купіць танней для сябе. Канешне, рэальна пачынаць ад пачатку “кантрабандны бізнэс” сёння цяжка – гэта вам не 90-я… Хаця, магчымасць застаецца – а значыць, у людзей менш страху перад беспрацоўем.
Тут больш, чым у іншых рэгіёнах, падзяляецца праваслаўе і каталіцтва. У звязку з гэтым ёсць пэўная бытавая напруга – калі, скажам, дачка каталічка хоча выйсці замуж за праваслаўнага ці наадварот – усе пачынаюць успамінаць: нацерпішся з ёй, як будзеш жыць! І дзяцей крадуць бабкі і ўпотай перахрышчваюць, бацькі нават не ведаюць… Гэта такое прымітыўнае, плоскае ўспрыманне рэлігійных нормаў. Хаця тое, што вялікія рэлігійныя супольнасці – праваслаўная і каталіцкая – існуюць побач, стварае такую нябачную канкурэнцыю паміж імі – гэта па-свойму добра, бо ніхто не хоча быць горшы за іншага, а значыць, імкнецца быць лепш. Напрыклад, некалі католікі ўвялі добрую традыцыю не піць гарэлкі на пахаваннях – дык і праваслаўныя яе перанялі.
Беларускі Вавілон на хвалях часу: шматканфесійная Гародня вачыма журналістаў
Менталітэт кантрабандыста: мы выжывем, і якая розніца, што робяць тыя, хто кіруе краінамі, ці сваёй, ці суседскімі, і што там робіцца з мяжой і на мяжы. Я сам з Гальшанаў, там недалёка Літва, і памятаю, як увялі гэтыя памежныя зоны, я праехаў да маці сваёй, і каля могілак, дзе ўся сям’я мая пахаваная, мяне арыштавалі і аштрафавалі за тое, што я парушыў памежную зону. У людзей заўсёды было стаўленне да мяжы такое, што гэта штука непатрэбная і часовая – сёння яна тут, заўтра там.
– То бок, можа можна казаць пра нейкі такі “калабаранцкі менталітэт”?
– І так можна сказаць. Бывае, старыя разважаюць: “От, за польскім часам селядзец быў лепшы і таннейшы!” Успрыманне мяжы хутчэй побытавае, чым палітычнае – так людзей вымагае жыццё ўспрымаць. У мяне ёсць знаёмы, у якога сваяк, не выязджаючы з роднай вёскі, быў грамадзянінам дзевяці краін, меў дзевяць пашпартоў: то на яго тэрыторыі была Расейская імперыя, то Польша, то Савецкая Беларусь, то Рэйх прыйшоў – грамадзянства мяняецца, а чалавек жыве ў сваёй вёсцы! Вось што такое памежжа.
Увогуле, людзі дзеляцца на дзве часткі: адныя незадаволеныя блізкасцю мяжы, бо ў лес ідзеш і рызыкуеш парушыць закон, а другія вельмі радыя: у каго лецішча ў памежнай зоне, хто мае дакументы і карыстаецца выгодамі, ніхто ж там акрамя іх грыбы не збірае.
– Тут у вас у параўнанні з іншымі рэгіёнамі жыве зашмат “людзей у форме” – памежнікі, мытнікі… Як насельніцтва да іх ставіцца?
– Людзей у форме на адзінку насельніцтва тут спраўды больш – але гэта добра, таму што гэтыя людзі ў форме – мытнікі, памежнікі – яны не нясуць пагрозы звычайнаму чалавеку. Людзі да іх ставяцца вельмі добра, ганарацца суседствам, бо яны заўсёды, напрыклад, дрэўца пасадзяць – едуць са смены, выкапаюць і пасадзяць. Вось едзеш, глядзіш – прыгожы дом, увесь у зеляніне: значыць, тут жыве некалькі памежнікаў. Чамусьці ў іх такая традыцыя – садзіць дрэвы. Увогуле, людзі яны добрыя. А што? Заробкі ў іх неблагія, работа някепская, хабарнікаў цяпер сярод іх няма. Гэта сышло ў гісторыю разам з дзевяностымі.
Беларускія памежнікі, мытнікі – сумленныя, добрыя людзі. Тым больш, Гарадзенская мытня мае вельмі даўнія традыці – і іх шануе. І кантрабандыст таксама, калі вязе свой тавар, добра ведае, чым ён рызыкуе – калі пападаецца, дык гатовы адказаць. То узаемаадносіны тут паміж людзьмі нармальныя.
– Ну, а ўсё ж такі ці існуюць нейкія вялікія “мінусы” жыцця ў памежжы?
– Ведаеце, я пра мінусы ніколі і не думаў. Мне падаецца, што ля мяжы жыць лепш, чым не ля мяжы. Прынамсі, калі што, дык і ўцячы лягчэй.
***
Артыкул створаны групай журналістаў з розных рэгіёнаў у межах фестывалю “БАЖынкі-2016”, што адбыўся 19-20 жніўня. Фестываль штогод праводзіцца на розных пляцоўках, сёлета ён прайшоў у Гродне. Сярод тэмаў, над якімі працавалі ўдзельнікі: мульціканфесійнасць горада, захаванне гістарычнай забудовы ў гарадской прасторы, асаблівасці жыцця на мяжы і бізнес, што пачаўся з сацыяльных праектаў.
Фота Ларыса Шчыракова