На ровары супраць шкодных выкідаў

| Без катэгорыі

«Я чуў, што кожны дзень у атмасферу выкідваецца 3,5 тысячы тон шкодных рэчываў», – сказаў мне адзін з удзельнікаў перад тым як надзець рэспіратар. Занепакоенасць сучасным экалагічным станам ды жаданне паказаць ровар як альтэрнатыўны транспартны сродак – вось, пэўна, галоўныя прычыны апошняй «пакаталачкі» у нашым горадзе. Арганізатарам акцыі з’явіўся ўжо вядомы гарадзенскі рух «Крытычная маса».

 

Па ўсім шляху раварыстаў суправаджала машына ДАІ – міліцыя, як не дзіўна, дала згоду на мерапыемства. Калона ровараў займала толькі адну паласу, таму перакрываць рух не было патрэбы. Удзельнікі цягам акцыі зрабілі добрае кола: Савецкая плошча – аўтавакзал – супер-маркет АЛМІ – праспект Кляцкова – філармонія – Фарты – Горкага… Не ўсе пратрымаліся да канца.

Асноўная маса веласіпедыстаў – моладзь, але былі і каларытныя персанажы далёка за 40. Большасць з іх – рэгулярныя ўдзельнікі «Крытычнай масы».

 

«Добра, што сярод раварыстаў былі і ўласнікі аўтамабіляў, – кажуць удзельнікі, – бо ў нас звычайна ідзе круты падзел паміж прынцыповымі раварыстамі і ўласнікамі аўто. Цяжка чалавеку з машынай хаця б час ад часу прымусіць сябе сесці на ровар».

«О, в намордниках!» – Шчыра здзіўляецца жанчына на ходніку.

 

Не памылюся, калі скажу, што большасць гарадзенцаў, якія сталі сведкамі мерапрыемства, не змаглі да канца зразумець яго сэнс. Недастатковая інфармацыйная падтрымка была сапраўды слабым месцам сёлетняй акцыі. Спадзяемся, што наступным разам арганізатары гэта ўлічаць.

 

А на колькі паменшылася шкодных выкідаў у атмасферу ў сусветны дзень без аўтамабіля падлічаць эколагі.

Фота аўтара