Кавярня з экспазіцыяй

|

Кафэ «Палітра», што з нядаўняга часу працуе ў будынку гатэля «Славія», мае даволі далёкае дачыненне да нейкага там арту. Зразумела, першапраходцы, ім заўсёды цяжка, бліны – сабакам, каты – за платы. Ды колькі можна быць тым першым? Думаю, каб там адчынілі проста арт-кавярню, без парадкавага нумару, было б значна весялей. І не прыйшлося б рабіць ласку з нагоды першанства.

 

Тое, што нейкі мастак, хай сабе і выдатны, папэцкаў сцены, мае далёкія адносіны да арту. Асабліва, калі на тым той дамарослы арт (арцік, артушэнька) скончыўся. У пячоры ў Кра Ман’ён ён такі самы, хоць і размінуўся з «Палітрай» на колькі тысячагоддзяў. Затое, там, напэўна, няма той лабараторнай чысціні, фармалізму і ўбогасці дызайнерскага мыслення, гэтак характэрных для правінцыйных рэстаранаў. Адчуваеш сябе, быццам у кафэ «Масква» – сядзібе сціплага шыку.

 

Калі я выбраўся ў «Палітру» першы раз, за суседнім столікам бесклапотныя школьніцы нешта святкавалі і абмяркоўвалі хлопцаў. Якая ж гэта арт-кавярня, калі сюды пускаюць дзяцей? Тут, паміж ліпкімі ад разлітага піва столікамі, сярод шчыльнага тытунёвага дыму, павінны мець месца «п’янства, паленне і парнаграфія», разбаўленыя цытатамі з Фройда і Рудкоўскага. Дзецям такое бачыць і чуць небяспечна.

 

Але ж усё наадварот: падкрэслена эстэтычныя, чыстыя сталы, з абрусамі і сервіроўкай паводле ўсіх правіл этыкі. Амаль як у рэстаране. Шклянкі, келіхі, чаркі і ніводнага (!) піўнога куфля. Мне, без каліва сораму, налілі піва ў шклянку для соку. Афіцыянтка нават не пачырванела! Ды і выбар піва не тое, каб парадаваў.

 

Асаблівую тугу навяваў кут, дзе сіратліва стаяў кампутар, з якога ляцела папсня. Здавалася б, вызваліліся ад радыё, але ўсё туды ж. І што перашкаджала ў той самы вугал запхнуць бубны і гітарны комбік? Музыкаў, што граюць за паўлітры, хапае.

 

Карціны навокал гэта канешне пантова. Калі яны яшчэ будуць час ад часу змяняцца, дык гэта наогул цудоўна. «Палітру» можна будзе называць «кавярняй з экспазіцыяй». Але арт сёння не столькі ў статычным, колькі ў дынамічным. Дзе праграма на бліжэйшы месяц? Дзе прэзентацыі кніжак, сустрэчы з мастакамі, кінапрагляды, канцэрты?

 

Сумны адзінокі трамбон над барам і тэатральныя афішы гэта, канешне, крок наперад у кампазіцыі інтэр’ера, але ніяк не арт-кавярня. З іншага боку, кожнае новае месца ў гэтым горадзе на вагу золата. Пасядзець у «Палітры» можна вельмі ўдала. Тым больш, што ветлівая абслуга – усё яшчэ рэдкасць у нашых шыротах. Зрабіце навічкам зніжку на арт-кампанент і ўсё акажацца не такім ужо і кепскім.

Ілюстрацыя http://www.videposters.ru/