Алег Ярмаш: «Трэба ісці далей…»

|

– Спачатку я вас прадстаўлю, тым хто не ведае… «Соцыюм» – удзельнік фестываляў «Тры шшрубы», «Бумеранг», «THE GLOBAL BATTLE ОF THE BAND» (музычны play off) і інш. Раней вы мелі назву «Сацыяметрыя». Чаму вырашылі змяніць назву?

 

– «Сацыяметрыя» – не першая назва. Спачатку быў DISASTER (катастрофа). Але потым Вова (гітара, вакал) сказаў, что назва гурту павінна гучаць на той мове, на якой спяваеш. Усе пагадзіліся. Тады мы напісалі цэлы шэраг слоў, якія нам падабаліся, і пачалі з іх выбіраць назву. Выбралі «Сацыяметрыю». Потым была яшчэ назва «Вечная Маладосць»… Потым зноў вярнуліся да «Сацыяметрыі». Але слова гэтае вельмі доўгае, і яго цяжка запомніць. А цалкам змяняць назву, якую ўжо ведалі ў горадзе, не хацелася. Вось і з’явіўся скарочаны варыянт «Соцыюм».

 

– Якія падрабязнасці! А чаму ўвогуле вырашыў заснаваць свой гурт? Мара такая была, ці агульны моладзевы музыкальны настрой, ці даніна модзе…

 

– Мара. Яшчэ з дзяцінства. Заўсёды хацеў граць, спяваць, а тут яшчэ і выпадак цікавы атрымаўся: пазнаёміўся з басістам, які сябраваў з ударнікам і вакалістам. Іншыя людзі гадамі падбіраюць сабе склад, а мне дасталася ўсё і адразу. Халява!… (смяецца).

 

– Лідар гурту вашай «банды», вядома, ты…

 

– Афіцыйна лідара мы не маем. Але ёсць «твар» гурту. Гэта – Вова. Спецыяліст па вырашенні пытанняў, адпаведна, я. Таму мяне можна назваць адносным лідарам. Ты па адрасе прыйшоў (смяецца).

 

– А якіх гуртоў ці выканаўцаў сам любіш паслухаць?

 

– О-о-о! Іх вельмі шмат. Гэта Axel Rudi, Bryan Adams, Cinderella, Def Lepperd, «Nightwish», «Motley Crue”, Нікольскі, «Крамбамбуля», «Крама», «Артэрыя», «Пікнік» і шмат чаго яшчэ. Да раніцы можна пералічваць.

 

– Вельмі разнастайны і нават эклектычны густ. А на якой мове вы пераважна пішаце тэксты?

 

– На трох – ангельскай, расейскай і беларускай. На ангельскай толькі пара песен, а вось на расейскай і на беларускай прыкладна напалову. Таму цяжка якой-небудзь мове аддаць перавагу.

 

– Над чым вы зараз працуеце я ведаю, а якія ўвогуле творчыя планы на бліжэйшы час? То бок, тактычная планы… Ну і стратэгічныя, калі не сакрэт.

 

– Пра альбом, які мы плануем выпусціць у наступным годзе, ужо ведаеш? Ну тады… Нам мала таго, што нас ведаюць у Гродна. Трэба ісці далей, спачатку па ўсёй Беларусі, а потым – і за мяжу, у Расію, напрыклад. Без альбому гэтага нельга зрабіць. Гэта – стратэгія. А тактыка… У канцы лістапада адбудзецца канцэрт у СШ № 32, дзе мы будзем выступаць разам з гуртом «Voice Of Oblivion». Вясной плануем запісаць кліп на песню «За зімою зіма». Таму працы ў нас хапае.

 

– Меркантыльнае такое пытанне, Алег. Ці атрымлівалі вы ганарары за свае выступы?

 

– Было некалькі разоў. Але яны ўсе чыста сімвалічныя, або толькі дарога аплачваецца. І то не заўсёды. Ўжо надакучыла выступаць бясплатна. Гэта маладым гуртам цікава спяваць проста так, каб зрабіць сабе імя. А калі ты гэтае імя ўжо маеш? Ты укладаеш вельмі шмат сродкаў у музыку, і не атрымліваеш абсалютна ніякай атдачы. Хацелася б чагосці большага.

 

– Наступнае пытанне вельмі падабаецца чытачам, таму, прабач… Ці памятаеш ты які-небудзь вясёлы і недарэчны выпадак, які адбыўся з вашым гуртом?

 

– Быў адзін (смяецца). Не столькі вясёлы, сколькі небяспечны. Трэба было нам ехаць на канцэрт у другі горад. Я пазычыў машыну ў свайго куратара. Адразу за горадам дарогу нам перабег чорны кот. І тут я бачу, што не змагу яго аб’ехаць. Адразу ў галаву пачалі лезьці думкі-страшылкі, што машына не мая, зараз паб’ю яе, кроў прыйдзецца адмываць і г.д. Але нейкім цудам мне ўдалося выруліць і не зачапіць жывёліну. Едзем далей, пачалося нейкае поле, з якога ў машыну пракраўся пах угнаенняў. Тут Валодзя паглядзеў на мяне і кажа з сур’ёзным тварам: «Ды не пужайся ты так, Алежка, за ката. Усё з ім добра будзе, спалохаўся трохі…» Вось такая гісторыя. Першае, что на розум прыйшло… Вось каб тут весь гурт быў!

 

– Мне застаецца толькі пажадаць рэалізацыі ўсіх вашых тактычных і стратэгічных планаў, сапраўдных ганарараў, цудоўнай публікі і натхнення, каб пісаць незабыўныя песні.

 

– Вялікі-вялікі дзякуй.