У расійскай кампаніі пракаментавалі гібель свайго супрацоўніка пры будаўніцтве БелАЭС

|

Загінулым апынуўся 43-гадовы мантажнік, супрацоўнік ТАА “Трэст Росспецэнергамантаж”, які часцей называюць “РосСЭМ”. Амаль усе адказныя работы па вырабе і мантажы канструкцыі ажыццяўляюць працоўныя менавіта гэтай кампаніі.

 

Паводле інфармацыі аддзела аховы працы і пажарнай бяспекі расійскай кампаніі, прычынай трагедыі маглі стаць “парушэнні правілаў бяспекі пры падачы балонаў з газавай сумессю супрацоўнікамі субпадрадных арганізацыі”.

 

“Беларускі бок адразу ж быў паінфармаваны аб няшчасным выпадку, – адзначыў начальнік аховы працы Сяргей Садкоў. – У цяперашні час у кампаніі сфарміравана камісія па расследаванні няшчаснага выпадку, спецыялісты якой ужо прыступілі да высвятлення абставінаў, якія прывялі да гібелі будаўніка. Усе выяўленыя намі факты таксама перадаюцца заказчыку будаўніцтва”.

 

У кампаніі таксама падкрэслілі, каментуючы заклапочанасць праціўнікаў будаўніцтва БелАЭС, што тое, што адбылося на будпляцоўцы ніяк не паўплывае на змены радыяцыйнага фону ў рэгіёне: “У цяперашні час мы толькі вядзем будаўніцтва аб’ектаў атамнай энергетыкі. І на будаўнічай пляцоўцы адсутнічаюць любыя ядзерныя матэрыялы”.

 

Прадпрыемства, дзе працаваў загінулы мантажнік, узяло на сябе ўсе выдаткі, звязаныя з дастаўкай на радзіму і пахаваннем свайго супрацоўніка, а таксама аказаннем матэрыяльнай дапамогі сям’і загінулага.

 

Нагадаем, 26 жніўня на пляцоўцы ўзвядзення АЭС загінуў чалавек. Гэта быў 43-гадовы мантажнік будаўнічых канструкцый, які працаваў на адну з расійскіх субпадрадных арганізацый “РосСЭМ”. Смерць наступіла ў выніку траўміравання металічным балонам.

 

Следчы камітэт праводзіць праверку па факце гібелі рабочага. Каб высветліць абставіны здарэння, следчыя разам з экспертамі агледзелі месца здарэння. Прызначаныя судова-медыцынскія экспертызы. Праваахоўнікі апытваюць відавочцаў здарэння і кіраўнікоў, адказных за правілы тэхнікі бяспекі.

 

Фота: Аляксандр Васюковіч, TUT.BY