БИ-2 і феерверк – сакрэты поспеху фестывалю LidBeer 2016

|

“LidBeer – фестываль хмелю, соладу і вады” праходзіў у Лідзе 3 верасня. Ён быў прымеркаваны да 140-годдзя мясцовага піўзавода і супаў з Днём горада.

 

Фестываль LidBeer 2015: Як Ліду паспрабавалі пераўтварыць у беларускую сталіцу піваварэння

 

Асноўныя мерапрыемствы праходзілі каля замку. Можна было пастраляць з лука, згуляць у лазертаг, нанесці аквагрым і іншае. Усе забавы, рамеснікаў ды кампаніі на фудкорт людзі маглі абраць самастойна, галасуючы на сайце за два месяцы да падзеі.

 

 

Галоўнай праблемай аказаліся чэргі. Адстаяўшы чаргу за півам і ежай, наведвальнікі літаральна адразу ішлі ў чаргу ў прыбіральню. У выніку, чэргі з’явіліся і ў прадуктовых крамах, а ў прыбіральню ператварыліся менш людныя завулкі і зарослыя дрэвамі месцы. Бліжэй да 23.00 людзей стала настолькі шмат, што іх перасталі пускаць да галоўнай сцэны.

 

 

Сцэны былі дзве: на вялікай – Neuro Dubel, Trubetskoy, Zdob si Zdub і БИ-2, на малой – маладыя беларускія гурты.

 

 

Нягледзячы на ўсе недахопы, здаецца, знакамітыя хэдлайнеры і магутны феерверк пераважылі ўсе хібы. Вялікая колькасць людзей, у тым ліку прыезджых – ужо паказчык таго, што фестываль адбыўся ўдала.

 

“Арганізацыя добрая, нашмат лепей чым летась. Канешне, нюансы ёсць. Тыя ж чэргі. Ёсць куды імкнуцца. Але канцэрт шыкоўны”, – кажа адзін з гасцей свята.

 

 

“Ехалі з жаданнем павесяліцца. Весяліцца асабліва не атрымлівася да таго часу, як БИ-2 выйшлі. Да сцэны нас не пусцілі, бо мы з півам былі. Увогуле – у Мінску чэргі яшчэ большыя, таму ўсё больш-менш спадабалася”, – дзеліцца ўражаннямі кампанія з Мінску.

 

“Гэты фестываль так моцна распіярылі, што народу прыехала больш, чым хацелася б. Зараз народ са сцэны сыходзіць з хэдлайнераў, хаця гэта ж БИ-2. Таму што людзей зашмат, усім цесна”, – разважае нехта.

 

“Было класна. Феерверк перабіў увогуле ўсё. Тое, што адбывалася сёння – паказчык таго, як брэнд “Лідскае піва” дапамагае нашаму гораду развівацца. Я магу паехаць у любы куток краіны, убачыць нашу прадукцыю і ганаруся гэтым”, – кажа лідчук.

 


 

Фота: Алена Кавальчук