Драма Дому Мураўёва: шыкоўны будынак у цэнтры Гродна разбураецца амаль 30 год

|

Апошні з Мураўёвых працаваў у доме, які належаў яго роду


Уваход у Дом Мураўёва, фота 2006 г.

Уваход у Дом Мураўёва, фота 2006 г.

 

Велізарны на свой час гмах Дому купца Мураўёва паўстаў на Параднай плошчы Гродна яшчэ ў 1890-х. Цікава, што тагачасныя гарадзенцы камяніцу не ўпадабалі, палічыўшы яе «пачварнай» як для цэнтру некалі каралеўскага гораду. Сапраўды, будынак вельмі выбіваўся сваім стылем, каларыстыкай ды павярховасцю з ансамблю плошчы XVIII ст.

 

Будынак вылучаўся сваім шыкам: вітражы ў вокнах, гербавыя шчыты на фасадных вежачках, па-мастацку аздобленыя балкон ды карнізы. Унутры – ляпніна, роспісы, каваныя поручні, кафляныя печы з залачонымі каронкамі.

 

Фрагмент ляпніны і роспісаў. Фота 2010 г.

Фрагмент ляпніны і роспісаў. Фота 2010 г.

 

Зрэшты, нічога дзіўнага, калі ўлічыць, што сям’я Мураўёвых, паводле гісторыка Ігара Трусава, былі вядомыя спекуляцыямі зернем ды пастаўкамі для царскага войска. Некаторыя з Мураўёвых пахаваныя на старых гарадзенскіх праваслаўных могілках. Мала каму вядома, што апошні вядомы прадстаўнік роду працаваў у 1960-я вартаўніком у доме, які належаў ягонаму роду.

 

У 1990-х вывезлі ўсё: ад печаў да паркету

 

Інтэр'ер з часоў бібліятэкі, пасляваеннае фота

Інтэр’ер з часоў бібліятэкі, пасляваеннае фота

 

За савецкім часам у будынку месцілася Абласная бібліятэка імя Карскага. Інтэр’еры не былі знішчаныя ані падчас Першай, ані падчас Другой сусветных войнаў: праз бамбаванні павыляталі шкляныя шыбы ды пацярпеў адзін з гербавых картушоў, не больш. Самае цікавае пачалося падчас пераезду бібліятэкі ўжо ў часы Перабудовы.

 

«Гарадзенскае праектнае бюро пачало займацца гэтым аб’ектам яшчэ ў 1989 годзе, – распавядае гісторык архітэктуры Ігар Трусаў, – Тады бібліятэка яшчэ не пераехала, але рыхтавалася будаўніцтва новага будынку для яе каля кінатэатру «Усход». Грошаў не хапіла, таму бібліятэка апынулася ў Новым замку. У будынку былі праведзеныя сур’ёзныя даследаванні, то бок навуковага матэрыялу для якаснай рэстаўрацыі хапала».

 

Але калі бібліятэку выселілі, будынак фактычна згубіў гаспадара. Яго спрабавалі прадаць праз аўкцыён. Кожны чарговы ўласнік аказваўся або банкрутам (на рахунку фірмы “Пульс”, якая выйграла тэндэр у 1995-м, было 139 руб. 5 капеек), або не быў у стане выканаць закон аб захаванні гісторыка-культурнай спадчыны.

 

Ляпіна і рэшткі роспісаў. 2010 год.

Ляпіна і рэшткі роспісаў. 2010 год.

 

Тады дамову спынялі, шукалі новага… Гэтак цягнулася гадамі.


«Будынак быў разрабаваны яшчэ напрыканцы 1980-х, калі толькі выехала бібліятэка, – працягвае Трусаў, – На працягу 1990-х там было бязладдзе: ад моладзевых нефармальных тусовак да мэтанакіраванага вывазу рэштак інтэр’еру – ад печаў да паркетаў. Там сядзеў адзін вартаўнік, які не быў у стане ўсё дагледзець. Таму да канца 1990-х ад інтэр’ераў не засталося абсалютна нічога».


«Бюджэтных сродкаў было выдаткавана вялізная колькасць»


Сучасны выгляд будынку звонку

Сучасны выгляд будынку звонку

 

За знішчэнне гісторыка-культурнага помніка ў 1990-я так ніхто і не адказаў. У 1999-м прэзідэнт ААА «Пульс», якое займалася будынкам, Абрам Рудашэўскі з’ехаў у ЗША, а тагачасны кіраўнік упраўлення культуры Вячаслаў Брыкач, які падпісваў з ім дамову, ціха сышоў на пенсію. Раней, у 1997-м годзе начальнік аддзелу абласной пракуратуры Ігар Мартыненка канстатаваў, што «справа прыпыненая, бо неўсталяваная асоба, якая здзейсніла злачынства», а пасля і зусім закрытая – па тэрмінах даўніны.

 

Гэтак будынак выглядаў у 2006 годзе

Гэтак будынак выглядаў у 2006 годзе

Будаўнікі на габцы.

Будаўнікі на габцы. “Рэканструкцыя” кіпіць

 

З 2005 па 2013 будынкам займаўся «Беларускі народны пенсійны фонд», які планаваў зрабіць у ім гатэль. Гарадзенцам гэты перыяд запомніўся будыўнічай сеткай з надпісам «Муравьефф-отель», якой быў зацягнуты будынак. Гэтым часам былі грунтоўна пераробленыя (чытай, знесеныя) унутраныя перакрыцці, знятыя старыя разныя вокны, зніклі дзверы з каванымі элементамі.

 

У 2013-м, калі ў фонду пачаліся праблемы на нацыянальным узроўні, апошнім намінальным уласнікам будынку была кампанія «Мега Поліс».


«Улады цяпер у чарговы раз знаходзяцца ў пошуку інвестара, – канстатуе Трусаў, – працы не рухаюцца ўжо другі год. За ўвесь гэты час, калі падлічыць, бюджэтных сродкаў на гэты будынак было выдаткавана агромністая колькасць. Але зараз з дзяржбюджэту нічога не выцягнеш – патрэбен адэкватны інвестар».


«Акрамя першай сценкі – там і ратаваць няма чаго»


Усё, што засталося ад шыкоўных інтэр'ераў

Усё, што засталося ад шыкоўных інтэр’ераў

 

Сёння будынак у чарговы раз апынуўся не патрэбным нікому: на недаробленым аб’екце няма ані шыльды з пашпартам, ані рабочых, ані камераў назірання, ані вартаўніка. З аднаго боку, усё каштоўнае з унутраных інтэр’ераў ужо вынесена, з іншага – да нядаўняга часу там яшчэ заставаліся насценныя і настольныя роспісы і ляпніна больш як стогадовай даўніны.

 

IMG_0163

 

Калі параўнаць здымкі з 2010 году і сённяшнія, бачна, што ад роспісаў, якія пакрывалі ўвесь масіў сценаў, засталіся толькі рэдкія выспачкі. Такім чынам тое, што не было збіта вандаламі або злушчылася ад вады, дабілі рабочыя. Будынак, падаецца, наўпрост згубіўся ў часе, хоць па яго аднаўленні існавалі цалкам адэкватныя і прагматычныя праекты:

 

«Быў адзін цікавы праект, які так і не быў рэалізаваны, – узгадвае Трусаў. – Згодна яму, трэба было аднавіць некалькі гістарычных будынкаў побач, якія ўжо не існуюць. Іх здаць пад крамы і офісы, а за гэтыя грошы рабіць якасную навуковую рэстаўрацыю Дому Мураўёва».


Від на Горадню з вокнаў Дому Мураўёва

Від на Гродна з вокнаў Дому Мураўёва

 

Гісторык архітэктуры дадае таксама, што аднавіць можна было б нават гербавыя картушы на Доме Мураўёва (іх купцы ў свой час атрымалі за прыналежнасць да найвышэйшай купецкай гільдыі ў Расійскай Імперыі). Для гэтага адмыслоўцу хапіла б 3-4 дзён працы ў пецярбургскіх архівах.

 

На думку іншага гісторыка, Андрэя Чарнякевіча, усё выглядае яшчэ больш песімістычна:


«Дом Мураўёва – гэта прыклад «фасаднай архітэктуры». То бок мы бачым фасадную сценку, а тое, што адбываецца ўнутры, ані з гісторыяй, ані з архітэктурай аніяк не звязана. Акрамя першай сценкі зараз там і ратаваць няма чаго. Зразумела, што гэты аб’ект будзе, але будзе ў зусім скажоным выглядзе…»