Да Дня горада ў гродзенскіх тралейбусах з’явяцца экскурсаводы
Пасажыры гродзенскіх тралейбусаў змогуць пабываць на незвычайнай экскурсіі 16 верасня. На чатырох маршрутах (№1, №3, №6 і №11) будуць працаваць прафесійныя гіды і экскурсаводы.
“Звычайны тралейбус стане экскурсійным. Праз сістэму гучнай сувязі гід будзе расказваць пра гісторыю горада, тых будынкаў, міма якіх праязджае тралейбус. Гараджане змогуць таксама больш даведацца пра тых людзей, імёнамі якіх названы вуліцы Гродна. Прыадкрыем таксама малавядомыя факты пра горад, пра тыя месцы, у якіх гродзенцы бываюць пастаянна, але часта не ведаюць іх гісторыі”, – распавёў Сяргей Іваноў.
Ён падкрэсліў, што акцыя прымеркавана да Дня горада. У суботу, 17 верасня, Гродна адзначыць сваё 888-годдзе.
“У дзень свята сумесна з тралейбусным упраўленнем арганізуем для гараджан яшчэ адну незвычайную экскурсію. У падарожжа па цэнтры Гродна ад плошчы Савецкай будзе адпраўляцца рэтра-тралейбус. Прафесійны гід правядзе экскурсію”, – адзначыў Сяргей Іваноў. На шляху тралейбуса запланаваны прыпынкі ля значных гістарычных будынкаў і аб’ектаў. Прычым, да пасажыраў тралейбуса з расповедам пра сябе звернуцца вядомыя асобы, якія жылі калісьці ў Гродне.
Праект “Жывая гісторыя” таксама рыхтуе да свята горада серыю тэматычных ролікаў “А ці ведаеце вы, што…”, якія распавядаюць пра гісторыю Гродна. Іх плануюць трансляваць у грамадскім транспорте.