Прайшлі першыя заняткі стартап-школы: якія стартапы запускаюць у Гродне і Брэсце?
Каля 200 чалавек узялі ўдзел у адкрыцці Стартап-школы ў заходніх абласных цэнтрах. Шмат хто прыйшоў з бізнес-ідэямі, якія яны маюць намер або ўжо рэалізоўваюць у сваіх гарадах. Удзельнікі абменьваліся вопытам, атрымлівалі парады і шукалі адсутных у камандзе спецыялістаў і проста людзей, зацікаўленых у развіцці іх праекта.
Так, брэсцкі праект “Тэлепорт”, хоць і існуе ўсяго два месяцы, але ўжо паспеў зарабіць першыя грошы. Хлопцы размясцілі ў горадзе 14 камер, дазволіўшы любому чалавеку ў любым пункце планеты пазнаёміцца з Брэстам ў рэальным часе праз іх сайт. На гэтым яны спыняцца не плануюць. У планах пакрыць усю Беларусь і выйсці за яе межы.
Хочаш 15-секунднае асабістае віншаванне ад “зоркі” на свой мабільны? Камунікацыйная платформа “Віві”, па словах гродзенскіх распрацоўшчыкаў, ужо на стадыі тэставання. Яна дазволіць сябрам і сваякам імянінніка заказваць віншаванні ад “зорак” і прапануе многія іншыя опцыі для ўзняцця настрою. “Гэта таксама магчымасць для беларускіх зорак атрымліваць дадатковы даход”, – кажуць распрацоўшчыкі прыкладання.
У кашалёк не змяшчаюцца ўсе зніжкавы карты. Значыць, пара ствараць мабільны дадатак, у якім будуць сабраныя ўсе дысконты, і на які будзе прыходзіць інфармацыя аб новых зніжках на той ці іншы тавар. Мяркуючы па апладысментах у аўдыторыі, агрэгатар зніжкавы карт сапраўды будзе запатрабаваны не толькі сярод шапаголікаў.
І, напэўна, мала хто адмовіўся б ад прылады шумапрыглушэння. Размясціўшы яго ў пакоі, чалавек не чуе гукі дрыля ці сваркі з суседскай кватэры. Гук не трапляе ўнутр пакоя і не выходзіць за яго межы. “Мая дзяўчына настаўніца музыкі. Яна скардзіцца, што дзеці часта не могуць граць на скрыпцы дома з-за скаргаў суседзяў”, – распавядае ініцыятар бізнес-ідэі.
Незадаволенасць беларусаў выклікае і доўгае чаканне афіцыянта ў кафэ і рэстаранах. Праблему камунікацыі прапанавалі вырашыць з дапамогай мабільнага прыкладання. Яго распрацоўка і продаж беларускім аб’ектам грамадскага харчавання дапамогуць павысіць узровень сервісу ў краіне.
“Зайдзіце на любы сайт па пошуку працы. Вы ўбачыце, што ўсім патрэбныя менеджары па продажах. Але ў нас няма такой установы, дзе б навучалі менавіта гэтай прафесіі. Лічу, што нам неабходна стварыць такія курсы”, – прапаноўвае ўдзельніца Стартап-школы з Брэста.
Таксама было адзначана, што ў Беларусі хуткімі тэмпамі развіваецца веларух. Але разам з тым назіраецца і рост крадзяжоў ровараў. Стварэнне вела-online платформы з фотаздымкамі скрадзенага ровара і інфармацыяй пра гаспадара дапамагло б павялічыць колькасць вяртання ровараў. З аднаго боку, дзякуючы салідарным веласіпедыстам, з другога боку, дзякуючы ўладальнікам велакрамаў, якім спрабуюць прадаць скрадзены ровер. Каманда для праекта фармуецца, і ёй яшчэ трэба будзе распрацаваць бізнес-мадэль.
Акрамя гэтага, удзельнікі Стартап-школ прапануюць запусціць мабільныя кавярні, стварыць гарадскі аналаг Blablacar, распрацаваць прыкладанне для самастойнага дызайну адзення і яго заказу ў беларускіх вытворцаў і многае іншае.
Стартап-школа (start.by) – гэта новы некамерцыйны праект, які дапамагае ў запуску і развіцці бізнесу. У гэтым годзе школы будуць праходзіць у Мінску, Брэсце, Гродне і Віцебску. Праект стаў магчымым дзякуючы падтрымцы USAID і ініцыятыве арганізацый: “Таварыства садзейнічання інавацыйнаму бізнесу”, “Мінскі гарадскі тэхнапарк”, “Віцебскі бізнес цэнтр”, Гродзенская абласная ўстанова фінансавай падтрымкі прадпрымальніцтва, Брэсцкі мясцовы фонд рэгіянальнага развіцця, “Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт”, “Лабараторыя інтэлекту”.