Гродзенскія гісторыкі звярнуліся па дапамогу да міністра культуры

|

У адкрытым лісце на імя Паўла Латушкі гісторыкі зазначаюць:

“Палацава-паркавы комплекс у Свяцку, пабудаваны для магнатаў Валовічаў італьянскім архітэктарам Дж. Сака, з’яўляецца ўнікальным помнікам свецкай архітэктуры барока ў маштабах усёй нашай краіны. Гэта бадай што адзіны твор Дж. Сака, які дайшоў да нас фактычна ў нязменным выглядзе.

Большасць узведзеных ім будынкаў або загінулі, або былі вельмі моцна перабудаваны (Гродзенскі Новы Замак, будынкі Гарадніцы ў Гродне і інш).

Унутры палаца захаваліся ўнікальныя інтэр’еры, аналагічных якім у Беларусі не існуе.

На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў у будынках палаца размяшчаўся туберкулёзны санаторый. Яго кіраўніцтва падтрымлівала палац у здавальняючым стане, праводзячы ўсе неабходныя цякучыя рамонты.

Тры гады таму туберкулёзны санаторый выселіўся з палаца, а яго будынкі былі перададзены на баланс упраўлення адукацыі Гродзенскага раёна.

За мінулы час у палаца амаль поўнасцю разбурылася зліўная сістэма. Усё гэта прывяло да надзвычай імклівага разбурэння сцен палаца. Звонку па іх сцякае вада, а знутры сцены пакрыліся тоўстым слоем плесені і моху.

Існуе пагроза для захаванасці інтэр’ераў.

Падобнае стаўленне да каштоўнейшага помніка архітэктуры можна патлумачыць элементарнай халатнасцю і безадказнасцю.

Тое, што ўчора можна было аднавіць за некалькі мільёнаў беларускіх рублёў (аднаўленне зліўной сістэмы), сёння абыдзецца дзяржаве ў сотні тысяч даляраў (прасушка і рэстаўрацыя часткова разбураных сцен).”

Аўтары адкрытага ліста просяць Паўла Латушку ўзяць лёс палаца ў Свяцку пад асабісты кантроль, паспрыяць аднаўленню зліўной сістэмы і хаця б элементарнай кансервацыі разбураных сценаў.

Андрэй Вашкевіч распавёў карэспандэнту “Твайго стылю”:

“Напісалі ліст, бо вельмі крыўдна назіраць, калі парушаюцца жлементарныя нормы ў дачыненні да помніка архітэктуры.

Праблема Свяцка не ў тым, што стаяць руіны, якія трэба аднаўляць. Нармальны будынак проста развальваецца з кожным месяцам.

Гэта пры тым, што Свяцкі палац – самы важны аб’ект, які ёсць на Аўгустоўскім канале.

Турыстычныя групы, якія наведваюць Аўгустоўскі канал, на свае вочы бачаць катастрафічнае разбурэнне гэтага помніка, якое можа стаць незваротным.

Хроніка разбурэння Свяцкага палацу зафіксавана на сайце http://harodnia.com/a184.php

Фота з сайта http://harodnia.com/