Сталыя гарадзенцы актыўна запісваюцца ва “Універсітэт Залатога Веку”

|

Восьмы па ліку акадэмічны сезон “Універсітэту Залатога Веку” (УЗВ) распачнецца 13 кастрычніка і будзе доўжыцца да канца красавіка будучага года.

 

Сёлета студэнты УЗВ змогуць наведваць больш за 30 курсаў і клубаў па інтарэсах. Сярод іх – замежныя мовы, кампутарныя курсы, гісторыя, мастацтвазнаўства, танцы, цыгун, маляванне, розныя віды рукадзелля, фота і шмат чаго іншага.

 

Набор студэнтаў на гэты сезон працягваецца да 16 верасня, а ўжо 20 верасня пачнуцца адкрытыя прэзентацыі, наведвальнікі якіх атрымаюць падрабязную інфармацыю пра змест праграмы і магчымасці ўдзелу ў ёй.

 

“Разынкай” УЗВ з’яўляецца тое, што сталыя людзі тут не толькі навучаюцца, але і падарожнічаюць (дзейнічае Клуб падарожнікаў), ладзяць інтэграцыйныя вечарыны, “Жывыя бібліятэкі”, а таксама дабрачынныя акцыі на карысць тых, хто патрапіў у складаную жыццёвую сітуацыю.

 

У межах праграмы працуе таксама валанцёрская група, якая дапамагае яшчэ больш сталым людзям (найперш былым вязням фашысцкіх і сталінскіх лагераў). 

 

“Універсітэт Залатога Веку” быў заснаваны вясной 2010 г. сябрамі грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар“. З 2015 г. праграма рэалізуецца сумесна з установай “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый“.

 

Мэтай праграмы з’яўляецца паляпшэнне якасці жыцця сталых людзей праз іх інтэлектуальную, фізічную і сацыяльную актывізацыю.

 

У 2014 г. “Універсітэт Залатога Веку” быў прызнаны на Фестывалі нефармальнай адукацыі ў Мінску Лепшай адукацыйнай падзеяй года па версіі экспертнага і народнага галасавання.

 

Частковая фінансавая падтрымка праграмы ажыццяўляецца ў межах праекта “Паляпшэнне якасці жыцця сталых людзей праз адукацыю, актывізацыю і валанцёрскую дапамогу” (2015-2017), падтрыманага Фондам “Памяць, адказнасць і будучыня” (EVZ) у межах праграмы “Месца сустрэчы: дыялог”. Арганізатар праграмы ў Беларусі – міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Узаемапаразуменне”.

 

Свой унёсак у падтрымку праграмы робяць таксама студэнты УЗВ.

 

На здымку: сябра Рады “Універсітэту Залатога Веку” Аліцыя Гацілава вядзе запіс будучых студэнтаў