Не запрасілі на Дзень горада ў Гродна? І добра. Польскі журналіст пра святкаванне 17 верасня
У сярэдзіне жніўня маю ўвагу звярнуў на сябе допіс у Facebook Анджэя Пачобута, гродзенскага актывіста Саюза палякаў у Беларусі, карэспандэнта “Выборчай”. Анджэй пісаў: “У гэтым годзе так званы Дзень горада Гродна прызначаны на 17 верасня… Звычайна запрашаюць на гэтую падзею прадстаўнікоў гарадоў-пабрацімаў. Цікава, хто будзе сёлета прадстаўляць Беласток? І ці будзе наогул польская дэлегацыя?”
W tym roku tak zwany “dzień miasta Grodna” został wyznaczony na… 17 września. “Dzień miasta” to takie organizowane…
Posted by Анджей Почобут on Friday, August 12, 2016
Пад запісам ён загрузіў фатаграфію аднаго з помнікаў Гродна – “Кургана Славы”, які мае надпіс: “Светлай памяці герояў, якія аддалі сваё жыццё за савецкую ўладу. Ад удзячных нашчадкаў 17.09.1969”. Гэта месца, дзе гарадзенскія ўлады з’яўляюцца з вянкамі і букетамі кветак у розных выпадках. Такі момант ёсць і ў сцэнарыі штогадовага свята горада. Так будзе і сёлета – 17 верасня, у дзень, які ва ўспамінах таксама многіх гарадзенцаў (не толькі палякаў) не з’яўляецца адпаведным для радаснага святкавання з каляровымі вулічнымі шэсцямі. Хутчэй ён пасуе да сумнага роздуму пра ўварванне СССР у Польшчу – у той час і ў Гродна – у межах рэалізацыі пагаднення Молатаў-Рыбентроп.
Ніхто і не збіраўся
Пасля чытання запісу Анджэя ў мяне прачнуўся журналісцкі інстынкт. Асабліва зацікавіла мяне пытанне адносна ўдзелу ў фестывалі ў Гродне ўладаў Беластока, Падляшскага ваяводства ды кіраўнікоў іншых гарадоў-партнёраў, з якімі Гродна падпісаў пагадненне аб супрацоўніцтве. Я ўспомніў, што ў папярэднія гады мэр Гродна запрашаў на гэтае свята польскіх партнёраў, і тыя ахвотна ўдзельнічалі ў ёй – як правіла, праз сваіх прадстаўнікоў.
Спачатку я праверыў, ці 17 верасня на свята ў Гродна не збіраецца прэзідэнт Слупска. Яго памочнік патлумачыў, што адпаведнага запрашэння не было, і наогул у прэзідэнта ў гэты час іншыя планы. У Маршалкоўскім упраўленні Падляшскага ваяводства таксама пра запрашэнне ніхто нічога не ведае. Сустрэўшыся з прэзідэнтам Беластока Тадэвушам Трускаляскімя спытаў у яго, ці не збіраецца ён на свята ў Гродна. Пра запрашэнне і ён нічога не ведаў. Але дадаў, што нават калі б яно было, то 17 верасня, у гадавіну савецкай агрэсіі супраць Польшчы, ён не выбраўся б святкаваць у Гродна.
А запрашэнняў і не было
Я вырашыў праверыць у крыніцы , то бок у гродзенскім гарвыканкаме. З пытанне “каго з Польшчы сёлета запрасілі на дзень горада” мяне адсылалі ад аднага чыноўніка да другога. Нарэшце трапіўся той, што ведаў. Ад імя мэра ён адказаў:
– У гэтым годзе мы вырашылі нікога з Польшчы на Дзень Гродна не запрашаць. Запрашэнні адпраўленыя вашым мясцовым уладам на кірмаш і інвестыцыйны форум, які пачнецца праз тыдзень.
Чаму не запрасілі нікога з Польшчы ў гэтым годзе, я не пытаўся. У рэшце рэшт, хто запрошаны і чаму, гэта справа гаспадара.
Аднак мне не давала спакою пытанне, чаму ўлады Гродна менавіта 17 верасня зладзілі Дзень горада. Увесь гэты час я меў перад вачыма вобраз “Кургана Славы”. Магчыма, гэта звязана з 1128 годам і першай згадкай пра Гродна ў летапісах – пытаюся я сам у сябе. Анджэй Пачобут, аднак, патлумачыў мне:
– Улады Гродна яшчэ некалькі гадоў таму прыдумалі, што гэтае свята будзе адзначацца штогод у трэцюю суботу кожнага верасня, і ў гэтым годзе яна проста трапіла на 17 верасня.
Уладзімір Хільмановіч, гродзенскі журналіст і праваабаронца, даў мне магчымасць паразважаць, калі я спытаў яго з нагоды супадзення дат:
– Ідэалагічна-палітычны падтэкст святкавання Дня Гродна 17 верасня відавочны. Такі падыход можа толькі падзяліць жыхароў Гродна, а не аб’ядноўваць. Значна больш падыходзіць для свята Гродна вядомая дакладная дата першай згадкі пра Гродна ў гістарычным летапісе. Гэта 11 жніўня.
Кашмарныя ночы
У сваю чаргу Аляксандр Мілінкевіч, жыхар Гродна, лідар грамадскага руху “За свабоду”, апазіцыйны кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах у 2006 годзе, падзяліўся са мной сваімі думкамі, які я цытую тут у вялікім скароце:
– Святкаванне Гродна 17 верасня паказвае толькі тое , што цяперашнія ўлады Гродна не жывуць у незалежнай Беларусі, і маюць пачуццё, што ўвесь час яны яшчэ ў СССР. Як жыхар Гродна я шкадую, што свята майго любімага горада адзначаецца менавіта ў гэтую памятную дату. Раней савецкая, а цяпер беларуская прапаганда сцвярджаюць, што вайна пачалася не ў верасні 1939 года, але ў чэрвені 1941 года, што адзіным агрэсарам была нацысцкая армія, а Чырвоная Армія толькі вызваліла беларусаў і ўкраінцаў. Тым не менш, памяць жыхароў Заходняй Беларусі аказалася мацнейшай, чым прапаганда. Для беларусаў, і для ўсяго свету, верасень 1939 г. з’яўляецца пачаткам Другой сусветнай вайны. Пасля 17 верасня новыя ўлады паводзілі сябе як акупанты. Пажылыя жыхары Гродна згадваюць кашмарныя ночы, калі проста чакалі наступных арыштаў. Вядома, што “ворагаў народа” расстрэльвалі ў турме і ў лесе. Панаваў страх, людзі больш не давяралі нават самым блізкім. Мы не маем права забываць пра іх і тых, хто былі рэпрэсіраваныя і забітыя альбо ў Катыні і Курапатах, або ў Казахстане і Сібіры.
Слухаючы Уладзіміра Хільмановіча і Аляксандра Мілінкевіча – нашых суседзей – я прыйшоў да высновы: гэта добра, што запрашэнні на святкаванне ў гэтым годзе Дня Гродна не былі накіраваны польскімі партнёрамі.
Фота з архіву “Твайго стылю”