Вывадак шакалаў выявілі ў Гродзенскай вобласці

|

Адзін з шакалаў трапіў пад аўтамабіль. Анатолю Проніну нават атрымалася захаваць галаву гэтай жывёлы. “Я выехаў на месца, людзі паведамлялі пра тое, што каля вёскі Грыцэвічы збілі ці то ваўка, ці то сабаку. Жывёла і афарбоўкай, і формай галавы, цела, хваста больш за ўсё была падобна менавіта да шакала. Я раней служыў у Сярэдняй Азіі, таму добра ведаю гэтых жывёл”, – растлумачыў інжынер-паляўніцтвазнавец. Фатаграфіі ён адправіў у Акадэмію навук, там пацвердзілі, што хутчэй за ўсё на здымку шакал. Праўда, папрасілі захаваць галаву жывёлы, каб пасля яе вывучэння зрабіць канчатковыя высновы.

 

Загінулая жывёла – маладая самка. Пасля гэтага сам Анатоль Пронін бачыў самца-шакала, а мясцовыя жыхары распавялі, што раней заўважалі самку з вывадкам маладых шчанят. Менавіта са з’яўленнем шакалаў звязваюць і некаторыя напады на хатнюю жывёлу, у прыватнасці авечак.

 

“Шакал афарбоўкай падобны да ваўка, праўда, значна менш памерам. Здалёк яго можна зблытаць з бадзялым сабакам. Ён можа жыць побач з населеным пунктам і не трапляцца на вочы чалавеку. Жывёла усяедная, сілкуецца як падлінай, так і бахчавымі культурамі ці нават апалымі яблыкамі. Палюе шакал на зайцоў, маладых казуль, парсюкоў і палявую птушку”, – адзначыў Анатоль Пронін. Ён падкрэсліў, што для чалавека можа быць небяспечны толькі хворы на шаленства шакал. Зрэшты, жывёла цалкам здольна пранікнуць у вёску і паласавацца хатнім быдлам.

 

Зараз у Бераставіцкім раёне чакаюць прыезду экспертаў, якія вывучаць і парэшткі жывёлы, і месца жыцця шакалаў. Пасля гэтага будзе прынята рашэнне, як з імі паступіць. Раней шакалы ў дзікай прыродзе ў Гродзенскай вобласці не сустракаліся.