“Хірург і будаўнік”. Рэстаўратар з гродзенскай катэдры распавядае пра сваё рамяство
– Калі ўводзіш у “Google малюнкі” запыт “рэстаўратар”, на экране з’яўляецца чалавек у беласнежным халаце з пэндзлікам і скальпелем у руках…
– Я меў шмат вучняў, большасць з якіх так сабе ўсё і ўяўлялі (усміхаецца – заўв. аўт.). Але калі справа даходзіць да практыкі, аказваецца, што і рукі заўсёды ў клеі, і нажоўкай трэба працаваць, і пыл з галубіным памётам мяшкамі выносіць. Таму і атрымліваецца, што знешне я магу быць больш падобным да будаўніка.
– Як увогуле выглядае працэс рэстаўрацыі?
– Раскажу на прыкладзе драўлянай рамы з алтара, над якім зараз працую. Спачатку праводзіцца фотафіксацыя. Пасля надыходзіць чарга зандажу – паступовага зняцця кожнага пласту рэчываў, якія былі нанесены на аб’ект, і аналіз таго, што гэта былі за матэрыялы. У выпадку рамы першапачаткова была пазалота, на якую падчас рэстаўрацыі ў пачатку ХХ ст. нанеслі шэрую фарбу.
Затым неабходна нанова зрабіць элементы, якія па пэўных прычынах адсутнічаюць ці моцна пашкоджаны. Пасля гэтага на раму наносіцца пазалота, якая прадугледжвае 10-разовае пакрыццё паверхні рамы ляўкасам (спецыяльным грунтам). Затым трэба ўсё падрэзаць, адшліфаваць, яшчэ 8 разоў нанесці другі састаў і на заканчэнне папаліраваць. Патрэбны вялікае цярпенне і стараннасць.
– Колькі часу займае рэстаўрацыя, скажам, скульптуры памерам з чалавека?
– Цяжка сказаць, усё залежыць ад стану скульптуры. Я паступова аднаўляю кожны элемент статуі, і ў гэтым мая праца падобна да працы ўрача. Як хірург не можа адысці ад пацыента на аперацыйным стале, пакуль не скончыць аперацыю, так і рэстаўратар павінен у адзін падыход завяршыць працу над адным элементам, незалежна ад таго, колькі часу гэта зойме: гадзіну ці нават дзень.
– Як лічыце, наколькі неабходна рэстаўрацыя алтарам гродзенскай катэдры?
– Як я ўзгадваў, у гэтым касцёле аднаўленчыя працы ўжо праводзіліся на пачатку ХХ ст., але вельмі няякасна: дзесьці замест ліпы хвою выкарысталі, раму цвікамі збілі, а на скульптуры проста шэрую фарбу нанеслі. Большасць элементаў алтара знаходзіцца ў бядотным стане. Скульптуры, з’едзеныя шашалем, моцна струхнелі. Здаралася, дакранаешся да іх – і частка скульптуры развальваецца на вачах. Таму, зразумела, каб захаваць прыгажосць і гісторыю галоўнай гродзенскай святыні, без рэстаўрацыі не абысціся.
– Ці трапляліся Вам у рукі аб’екты, якія былі пэўнай нечаканасцю?
– Артэфактаў ніякіх не было. Але, напрыклад, на калонах з алтара Маці Божай Ружанцовай наша каманда знайшла сляды прастрэлаў. А падчас рэстаўрацыі алтара св. Міхала Арханёла мы знайшлі тры акруглыя кулі – меркавана, з часоў вайны 1812 года.
– Што самае галоўнае ў працы рэстаўратара?
– Не нанесці шкоды і не праявіць самадзейнасці. Павінна захавацца задума аўтара. Нядаўна на адной з калон алтара Маці Божай Ружанцовай мы знайшлі надпіс, зроблены крэйдай: ”Кёнігсберг, 1709 год”. Вось гэтую працу невядомага мне кёнігсберца я і павінен захаваць.
– Якое пачуццё прыходзіць пасля таго, як праца над аб’ектам завершана?
– Калі адбылося ўрачыстае адкрыццё алтара Святой Троіцы, я, канешне, ганарыўся нашай камандай і ўзгадваў той час, цярпенне і працу, затрачаныя на аднаўленне святыні. Здараецца, якая-небудзь бабуля пройдзе ля алтара і адзначыць: “Як хораша пафарбавалі!” У разуменні некаторых адрэстаўраваць – значыць памыць і валікам закатаць. Адкуль жа людзям ведаць, што на самой справе часам на такую працу патрэбны гады…
***
Рэстаўрацыя з’яўляецца сямейнай справай у сям’і Мікалая Мікалаевіча Лёлі. У 1968 годзе бацька Мікалая заснаваў першую ў Беларусі рэстаўрацыйную майстэрню “Белрэстаўрацыя”. Жонка таксама займаецца аднаўленчымі працамі. Па слядах бацькоў вырашыў пайсці і старэйшы сын.
Фота: Ангеліна Пакачайла