Гродзенскі турыстычны партал для замежнікаў мае з’явіцца цягам месяца
“Банэры, спасылкі на сайт, які распавядае аб турыстычных магчымасцях Гродна, магчыма, з’явяцца на старонках нашых гарадоў-пабрацімаў, а таксама на парталах консульскіх устаноў Беларусі за мяжой. Зрабіць гэта плануецца для таго, каб як мага больш патэнцыйных турыстаў даведаліся пра магчымасць бязвізавага ўезду замежнікаў у раён Аўгустоўскага канала”, – адзначыў Віталь Братанюк. Ён падкрэсліў, што сайт распрацоўваецца спецыялістамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы пры падтрымцы гарвыканкама, райвыканкама і СЭЗ “Гроднаінвест”.
Партал, перш за ўсё, будзе насычаны даведачнай інфармацыяй пра ўказ, які прадугледжвае бязвізавы ўезд, тэрыторыі, на якую ўказ распаўсюджваецца, тэрміны знаходжання і іншае.
“Таксама менавіта з дапамогай гэтага рэсурсу можна будзе замовіць тур на адзін, два ці больш дзён. Паглядзець найбольш значныя турыстычныя аб’екты, даведацца больш аб турыстычных прадуктах рэгіёну”, – падкрэсліў Віталь Братанюк. Ён адзначыў, што навігацыю па сайце, магчымасць замовіць тур плануецца рэалізаваць у максімальна простай і даступнай форме.Таксама на партале можна будзе азнаёміцца з інтэрактыўнымі турыстычнымі картамі Гродна, Аўгустоўскага канала і наваколля. Абавязкова з’явіцца і мабільная версія сайта. Запусціць яго плануюць на працягу месяца.
Указ №318 “Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян” падпісаны 23 жніўня. Дакумент устанаўлівае бязвізавы парадак уезду і выезду на тэрыторыю Беларусі і часовага знаходжання ў турыстычных мэтах на тэрмін да пяці сутак у спецыяльным турысцка-рэкрэацыйнай парку “Аўгустоўскі канал” і прылеглых да яго тэрыторыях. Палажэнні ўказа, якія тычацца ўстанаўлення бязвізавага парадку ўезду і выезду для замежных грамадзян, уступаюць у сілу праз два месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання.