Могілкі, лесапарк і возера: дзе прыбіралі смецце ўдзельнікі сусветнай акцыі «Зробім!» у Гродна

|

У гэтым годзе самыя актыўныя гродзенцы зноў далучыліся да акцыі «Зробім!» – часткі сусветнага руху «Let`s Do It!», які аб’ядноўвае 113 краін і 16 млн валанцёраў. У рамках руху расчышчаюцца забруджаныя тэрыторыі і прыбіраюцца стыхійныя звалкі ў зонах адпачынку ў гарадах, лясах, на пляжах і берагах вадаёмаў.

 

Студэнты факультэта біялогіі і экалогіі і юрыдычнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы, а таксама навучэнцы гімназіі №6 прыбіралі тэрыторыю старых праваслаўных могілак на Антонава. У акцыі прынялі ўдзел 17 валанцёраў, дзякуючы якім смецце з тэрыторыі могілак адправілася па прызначэнні – у бліжэйшыя смеццевыя кантэйнеры.

 

 

СШ №12 арганізавала масавую ўборку ў лесапарку Ласосна.

 

– Мы прыбіралі ў сераду і чацвер, таму што ў суботу ў нас былі іншыя мерапрыемствы, – распавяла аб удзеле ў сусветнай уборцы настаўніца сярэдняй школы №12 Галіна Богдан. – Уборка прайшла нармальна. Дзяцей было шмат – больш за 200 чалавек. Мы прыбіралі кожны дзень у тры прыёмы. Сабранае смецце аднеслі на стацыянарны пункт вывазу смецця. Кожны з дзяцей сабраў па вялікім пакеце. Гэта значыць сабралі смецця прыстойную колькасць. Мы прыбіраем гэтую тэрыторыю пастаянна, і ўвесну, і ўвосень, але наш народ усё адно забяспечвае нас працай.

 

Дырэкцыя заказніка «Азёры» арганізавала ўборку ў лесе і на берагавой лініі возера Берштаўскае на тэрыторыі заказніка. Уборка прыбярэжнай тэрыторыі Берштаўскага возера ўжо стала традыцыйнай. На гэты раз, па словах дырэктара заказніка «Азёры» Дзмітрыя Марозіка, удзельнікаў было не вельмі шмат: да ўборкі далучыліся каля 20 чалавек. І тым не менш смецця набралася на трактарны прыцепчык. Вывазам яго зоймуцца леснікі.

 

Фота: Ян Лялевіч