“Я стаміўся”. Уладальнік ABC гатовы прадаць свой “ахраненны” бізнес

«У мяне шмат актываў, і мне цяжка. Я хачу ўжо рыбу лавіць, на лыжах катацца. Мне 57 гадоў. Я ўжо і так 40 гадоў працую. Я стаміўся. Таму адзін з варыянтаў – прадаць нейкія актывы. А бізнес хай развіваецца і далей. Хай іншыя інвестары прыходзяць, я ім нават дапамагаць буду. Гэта нармальны працэс. Усе бізнесмены, у прынцыпе, пра гэта мараць: як бы каму-небудзь што-небудзь прадаць, усё ці часткова, і самім адпачыць”, – распавёў Naviny.by Іван Майсееў.

 

Па словах бізнесмэна, ён разглядае розныя варыянты па продажы долей у сваіх кампаніях.

 

«Магу і ўсё прадаць. [Разглядаю] любыя варыянты. У мяне шмат актываў – як сабака блох нахапаўся, таму хочацца, каб хто-небудзь што-небудзь і купіў”, – кажа Іван Майсееў.

 

Прыцягнутыя сродкі плануецца накіраваць на далейшае развіццё АВС: павелічэнне існуючай долі рынку, выхад на новыя рынкі, развіццё экспарту, укараненне новых відаў прадукцыі, абнаўленне асноўных сродкаў, нарошчванне вытворчых магутнасцяў, развіццё дыстрыбутарскай сеткі і збытавай палітыкі.

 

«Калі ёсць ідэі па кардынальным пашырэнні і развіццю бізнесу, то чаму б не прыцягнуць інвестара праз продаж долей. Гэта самы хуткі спосаб прыцягнуць інвестыцыі самага маштабнага аб’ёму. Многія цяпер у харчовай індустрыі і не толькі гатовыя размаўляць пра гэта. Нічога новага тут няма. А тое, што гэта паспяховае прадпрыемства, гэта добра. Больш грошай атрымаюць”, – адзначае дырэктар інвестыцыйнай кампаніі “Юнітэр” Раман Восіпаў.

 

Кампанія АВС была заснавана ў 1995 годзе. Першай прадукцыяй сталі хрэн, гарчыца, марынаваныя і салёныя грыбы. Апроч іх цяпер кампанія вырабляе кетчупы і маянэзы, сокі і нектары, кансерваваныя прадукты і курыныя яйкі.

 

Рэклама хрэна ABC, запушчаная па ТБ у сярэдзіне 2011 года, выклікала скандал. Правакацыйныя ролікі, у рэшце рэшт, былі зняты з эфіру. Мінгандлю палічыў, што рэклама мае ярка выражаны сэксуальны падтэкст, можа быць расцэненая як прыхаваная рэклама сэксуальных паслуг, а зборны вобраз жанчыны прадстаўлены неэтычна.

 

 

Каля 80% прадукцыі рэалізуецца на ўнутраным рынку. У кампаніі ёсць прадстаўніцтва ў Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Мінску, Магілёве, Наваполацку і ​​Баранавічах. Кампанія займае 68% беларускага рынку па хрэну і гарчыцы, 30% – па кетчупах і маянэзах, 6% – па соках і нектарах.

 

На экспарт пастаўляецца 20% прадукцыі. З іх 17% ідзе на расійскі рынак. АВС мае афіцыйных дыстрыб’ютараў ў Маскве і Маскоўскай вобласці.

 

У мінулым годзе выручка кампаніі склала 33,2 мільёнаў еўра, чысты прыбытак – 1,3 млн еўра.

 

Гаспадар бізнесу Іван Майсееў родам з Пермскай вобласці. Скончыў Гродзенскі дзяржаўны універсітэт. Жанаты. Мае траіх сыноў і дзве дачкі. Гуляе ў вялікі тэніс, захапляецца віндсерфінгам, паляваннем і рыбалкай.