«З маёй кнігай будзе смачна есці!»
Цяперашняя кніга, якая рыхтуецца да друку зельвенскім краязнаўцам Юрыем Качуком, змяшчае не толькі шматлікія рэцэпты беларускай кухні, але і разнастайныя фотаілюстрацыі, зробленыя аўтарам у часе прыгатавання ім страў.
Традыцыйная беларуская мачанка – блінцы і каўбаска з падлівай
Кніга будзе таксама аздоблена нацюрмортамі мастака Васіля Шамрука. У іх ліку будзе і першы за ўсю гісторыю мастацтва «Нацюрморт з салам» (да гэтага часу сала не з’яўлялася аб’ектам творчасці, а было хіба толькі прадметам для жартаў ці показак).
>
– Дызайн кнігі прадугледжаны незвычайны, – кажа аўтар, які займаецца і шыхтоўляй выдання. – Але ў адрозненне ад выдаваных мной часопіса «БЭЗ» і газеты «Зяльвяначка» вярстаць яго вельмі цяжка, бо заўжды ўзгадваюцца смакі! Змагацца са спакусамі дапамагае вытрымка, так патрэбная для прыгатавання добрай стравы, а таксама ўпэўненасць, што з маёй кнігай будзе сапраўды смачна есці!
А гэта будзе суп з маслякамі… Прыкладна, праз гадзіну.
Юры Качук нарадзіўся ў 1963 г. у Зельве, дзе жыве і зараз. Інжынер па адукацыі, грамадскі дзеяч, краязнаўца. Ён – аўтар шматлікіх артыкулаў, вершаў, эсэ, іншых мастацкіх твораў.