Форум валанцёраў

|

Ладзілі форум Асацыяцыя беларускіх гайдаў і Асацыяцыя гайдаў і скаўтаў Даніі. На форум былі запрошаныя прадстаўнікі 25 грамадскіх арганізацыяў (з пяці краін), якія на працягу трох дзён абменьваліся досведам валантэрскай працы.

 

У часе святочнага адкрыцця арганізатары падкрэслілі верагодныя «плюсы» валанцёрства: гэта не толькі і не столькі праца без заробку, а, у першую чаргу, дапамога іншым, магчымасць пазнаёміцца са мноствам цікавых людзей, атрымаць веды і ўмельствы, якія спатрэбяцца ў будучыні.

 

Яскравай падзеяй першага дня была вечаровая праграма-прэзентацыя краін – удзельнікаў форуму. А самай арыгінальнай была прэзентацыя эстонцаў, у якой паўдзельнічалі ўсе, хто быў ў канферэнц-залі. Усім валанцёрам – указваючы на адпаведную частку цела – трэба было хутка вымавіць англійскія словы «ass» (паказваем на азадак), «toe» (на пальцы ног), «knee» (калені) і «eye» (на вочы)… Як вы ўжо заўважілі: па гучанні гэтыя склады ствараюць слова «Эстонія».

 

align=”left” >Важнай і жывой часткай форуму была выстава НГА, для якой арганізацыі падрыхтавалі свае стэнды. Цікаўнасць моладзі да прадстаўленай інфармацыі была вялікай: шмат хто шукаў, дзе і як можна ўладкавацца валанцёрам у сваёй краіне і за яе межамі. Напрыклад, беларускі хлапец актыўна шукаў магчымасць куды паехаць, каб даглядаць людзей сталага ўзросту.

 

Нечаканым пунктам праграмы для валанцёраў была «сацыяльная акцыя ў горадзе», у час якой 60 удзельнікаў форуму з розных краінаў адправілі ў тры мінскія школы прыбіраць тэрыторыі. Ніхто не супраціўляўся. З усмешкамі на тварах, не гледзячы на неадпаведныя строі, узялі ў рукі граблі і венікі і пачалі прыбіраць лісце. Асабліва элегантна на фоне апалых лісцяў глядзелася дзяўчына ў кароткай чорнай спадніцы ды ў белых пантофлях на абцасах. Можна канстатаваць, што форум прайшоў паспяхова. Як падкрэслівалі самі ўдзельнікі і арганізатары, шанец развіцця міжнароднага супрацоўніцтва, абмену досведам і распаўсюду ідэі валанцёрства не быў упушчаны.

 

Адзінай лыжкай дзёгцю мне падалося тое, што да асабістых дадзеных удзельнікаў форуму паставіліся не вельмі карэктна – у спісы ўсіх удзельнікаў форуму занатавалі нумары тэлефонаў і электронныя адрасы. Мне б хацелася, каб папярэдне ў мяне запыталі, ці хачу я, каб інфармацыя пра мае асабістыя дадзеныя трапіла ў раздаткавы матэрыял.

Здымкі аўтара