Адкрый Нямеччыну: дзённік удзельніка

|

Чатыры дні праходзілі семінары «Deutschland entdecken» у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы пры падтрымцы нямецкага фонду DAAD і пасольства ФРГ у Беларусі. Мерапрыемства прыцягнула ўвагу студэнтаў, якія вывучаюць нямецкую мову. Чатыры дні, якія былі напоўнены бадзёрым настроем, праляцелі для ўсіх удзельнікаў непрыкметна.

 

Дзень першы

Пачаўся са знаёмства з горадам. Удзельнікі падзяліліся на чатыры групы і адправіліся аглядаць мясцовыя славутасці. Шкада, што часу было мала і не ўсё атрымалася паказаць, але госці былі задаволеныя – Гродна ім спадабаўся.

>

Пасля экскурсіі нас чакаў праменад на параходзе па Нёмане. На палубе ўсе пазнаёміліся больш цесна. Мы плылі па рацэ і любаваліся мясцовымі пейзажамі. Пасля пешых і водных праменадаў удзельнікі адправіліся на ўрачыстае адкрыццё семінараў у галоўны корпус, дзе іх, галодных і стомленых, чакаў фуршэт. Пасля фуршэту ўсе паехалі на начлег у «Купалінку».


Дзень другі

Быў прысвечаны непасрэдна семінарам. Іх тэмы – «Нямецкія нацыянальныя меншынствы ў Заходняй Еўропе», «60 гадоў Нямецкай Канстытуцыі», «20 гадоў пасля падзення Берлінскай сцяны», «Выбары ў Бундэстаг». Форма правядзення семінараў ў нямецкіх выкладчыкаў адрозніваецца ад айчынай. Гэта тычыцца ў першую чаргу таго, як па-майстэрску нямецкія выкладчыкі могуць арганізаваць заняткі. Час пралятае непрыкметна, і сам семінар прыносіць вялікае задавальненне слухачам.

 

У гэты ж дзень адбылося ўрачыстае адкрыццё новага кабінета нямецкай мовы і культуры ў ГрДзУ імя Янкі Купалы, на якой прысутнічаў консул ФРГ.

 

Дзень трэці

Быў вельмі насычаны разнастайнымі мерапрыемствамі. Адбыўся агульны семінар, на якім былі прэзентаваныя розныя праграмы для беларускіх студэнтаў, якія мараць працягнуць сваю адукацыю ў ВНУ Нямеччыны. Дарэчы, існуе шмат магчымасцей для розных спецыяльнасцяў, што даказвае, наколькі нямецкі бок зацікаўлены ў навуковым і культурным супрацоўніцтве.

Затым ва ўдзельнікаў быў шанец пашырыць свае навыкі ў… танцы і акцёрскім майстэрстве. Кожны выбраў семінар на свой густ і пасля доўга дзяліўся сваімі ўражаннямі. Вячэра ў «Карчме» парадавала цёплай атмасферай. Госці не хацелі разязджацца і некаторыя з іх (не самыя стомленыя) адправіліся бавіць час на дыскатэку.

 

Дзень чацвёрты

Апошні…. Ва ўсіх удзельнікаў крыху сумны настрой, бо хутка час раставання. На апошніх семінарах былі закрануты тэмы «Рэгіён Гродна – свабодная эканамічная зона» і «Альтэрнатыўныя крыніцы энергіі». У другой палове дня ўдзельнікі падзяліліся па інтарэсах: нехта пайшоў абмяркоўваць «Міжкультурныя камунікацыі», нехта вырашаць «Сусветны эканамічны крызіс», а нехта знаёміцца з «Прафесійная адукацыя ў Нямеччыне».

Напрыканцы ўсе удзельнікі атрымалі сэртыфікаты і паглядзелі «кіно пра сябе», якое яшчэ раз нагадала пра цудоўныя чатыры дні супрацоўніцтва. У часе развітання ва ўсіх была надзея сустрэцца зноў. Час пакажа…

Фота аўтара