У нефармальным фармаце…

|

У гэтым годзе Тыдзень прайшоў пад лозунгам «Нефармальная адукацыя ў Беларусі – да павышэння якасці жыцця». Арганізатары пастараліся такім чынам задаць структуру Тыдня, каб прадстаўнікі ўсіх накірункаў адукацыйнай сферы – дзяржаўнага, недзяржаўнага, бізнэсовага – маглі максімальна шырока абмяркоўваць і дэманстраваць, як з дапамогай нефармальнай адукацыі павысіць якасць жыцця чалавека.

 

Тэматычныя акцэнты, пазначаныя для кожнага дня, прадугледжвалі мажлівасць удзелу шырокага кола суб’ектаў адукацыі, а таксама разнастайныя формы ўдзелу – майстар-класы, ролевыя гульні, трэнінгі, прэзентацыі, кінапаказы і круглыя сталы. «Тыдзень», па задумцы арганізатраў, павінен быў прадэманстраваць не толькі пашырэнне разнастайнасці адукацыйных прадуктаў, прадстаўленых у Беларусі, але і разнастайнасць саміх пастаўшчыкоў паслуг у галіне НФА. Наколькі ўдалося задуманае? Як можна ацаніць вынікі Тыдня НФА? Якія з ідэй прагучалі найбольш яскрава і былі ўспрыняты як актуальныя і перспектыўныя? На гэтыя пытанні адказваюць арганізатары і эксперты-ўдзельнікі мерапрыемстваў.

 

Яніна Зінчанка, БМГА «Новыя твары», каардынатар Тыдня НФА-2009:

– Вынікі пераўзышлі нашыя чаканні: у некаторых мерапрыемствах удзельнічала больш людзей, чым прагназавалася – гэта прыемна, бо мы вельмі разлічвалі на публічнасць і масавасць. Неабходна адзначыць і геаграфію Тыдня – былі задзейнічаны амаль усе рэгіёны – Брэст, Гродна, Гомель, Віцебская вобласць, Мінск.

 

На жаль, не ўсё так добра ў сферы НФА і Тыдзень як раз дазволіў вылучыць тыя праблемныя моманты, над якімі варта было б задумацца. На этапе складання праграмы мы сутыкнуліся з нізкай якасцю паданых заявак, а таксама засмучвала нізкая актыўнасць арганізацый-партнэраў грамадзянскай адукацыі.

 

Не магу не адзначыць нашых сяброў: Навукова-педагагічную бібліятэку за праяўленую зацікаўленасць і падтрымку (арганізацыя тыдневай выстаўкі), а таксама Гістарычную майстэрню (МАЦ) імя Йоханэса Рау за дапамогу з памяшканнем для мінскіх мерапрыемстваў. І, канешне, нашых даўніх партнэраў і сяброў па сектары – «Зялёную сетку». Хочацца падзякаваць і СМІ Беларусі за ўвагу да нашых мерапрыемстваў.

 

Вітаўт Руднік, старшыня ГА «Цэнтр «Трэці сектар»:

– Тыдзень нефармальнай адукацыі’2009 вызначаўся сёлета шырокай тэматыкай мерапрыемстваў і арыентацыяй на незаангажаваных дагэтуль у актыўным грамадскім жыцці людзей. Удалым, з майго пункту гледжання, быў і выбар тэмы Тыдня. Дэманстрацыя магчымасцей паляпшэння якасці жыцця праз нефармальную адукацыю з’яўлялася галоўным сэнсам усіх мерапрыемстваў Тыдня.

 

Да прыкладу, у Гродна ўпершыню за апошнія 8 гадоў адбыўся арганізаваны ГА «ВІТ» Круглы стол, прысвечаны магчымасцям узаемадзеяння паміж дзяржаўнымі ўстановамі сацыяльнай дапамогі насельніцтву і грамадскімі арганізацыямі вобласці. Адбылася сур’ёзная размова пра магчымасці выкарыстання адукацыйнага патэнцыялу грамадскіх арганізацый у практыцы працы сацыяльных установаў.

 

Каля 50 гарадзенцаў узялі ўдзел у прэзентацыі праекту «Школа маладога журналіста», якую ладзіць «Цэнтр «Трэці сектар», і майстар-класах па асновах журналістыкі. Амаль для ўсіх людзей, якія прыйшлі на гэтае мерапрыемства, гэта быў добры шанс даведацца пра магчымасці самарэалізацыі, удзелу ў грамадскім жыцці свайго гораду.

 

Зараз вельмі важна, каб арганізацыі, якія бралі ўдзел у падрыхтоўцы Тыдня, скарысталіся яго вынікамі: змаглі б задаволіць патрэбы людзей, якія захочуць скарыстацца іх паслугамі, працягвалі б дыялог з дзяржаўнымі і камерцыйнымі структурамі, гатовымі да супрацоўніцтва ў галіне нефармальнай адукацыі.

 

Наталля Рабава, кансультант па навучанню і развіццю Экатаварыства «Зялёная сетка»:

– Якасць жыцця – гэта такая тэма, якую мы, эколагі, гатовы і хочам абмяркоўваць. І таму хочам прапанаваць такі трошкі альтэрнатыўны погляд на само разуменне якасці жыцця. Таму што, на жаль, ужо склаўся стэрэатып, што павышэнне якасці жыцця – гэта павышэнне спажывецкага ўзроўню. Мы сваімі мерапрыемствамі хочам даць людзям мажлівасць задумацца – ці гэта сапраўды так? Ці сапраўды ад таго, што мы будзем неабдумана спажываць як мага больш рэчаў, будзем дэманстраваць нейкае паказное спажывецтва, ці сапраўды ад гэтага мы станем больш шчаслівымі, здаровымі, а нашае жыццё – больш гарманічным?..

 

Святлана Мацкевіч, эксперт Агенцтва гуманітарных тэхналогій ( АГТ-ЦСІ):

– У рамках Тыдня НФА была агучана адна з галоўных праблем нашага грамадства: маючы фармальна высокі ўзровень адукацыі, беларусы не ў стане праводзіць рыначныя рэформы і рэформы ў сацыякультурнай сферы, а значыць, і арганізоўваць каля сябе адпаведнае асяроддзе і фарміраваць сучасны еўрапейскі лад жыцця.

 

Ідэя стварэння Незалежнага ўніверсітэту, які б дапамог вырашыць гэтую праблему, мы агучвалі і раней – у інтэрв’ю і на розных сустрэчах. Але што сапраўды варта адзначыць, на круглым стале 22 верасня 2009 г. гэтая ідэя ўпершыню абмяркоўвалася настолькі публічна і змястоўна. Далейшае яе развіццё я пакуль бачу ў двух планах: у плане ідэальнага – абмеркаванне самой ідэі ўніверсітэту; і ў плане камунікацыі – публічная дыскусія і ўзгадненне пазіцый розных арганізацый і экспертаў па гэтай тэме.

 

Дзмітры Карпіевіч, Старшыня Праўлення ГА «Адукацыйны цэнтар «ПОСТ»:

– Ключавой змястоўнай падзеяй Тыдня НФА-2009 стаў менавіта круглы стол «Нефармальная адукацыя ў паляпшэнні якасці жыцця: праблемы і перспектывы» – так гэта і планавалася арганізатарамі. Выбар быў зроблены ўдала: дыскусія прайшла жыва і эмацыйна, звярнула ўвагу спецыялістаў і прадстаўнікоў СМІ. На круглым стале былі агучаны некалькі важных праблем: ігнараванне з боку дзяржавы, арыентацыя альбо толькі на попыт, альбо на замежныя донарскія арганізацыі, неразвітасць актуальных форм (дыстанцыйнае навучанне і г.д.). Вельмі трапна фундаментальную праблему развіцця сектару адукацыі дарослых і, у прыватнасці, нефармальнай адукацыі сфармуляваў Увэ Гартнэшлегер (віцэ-прэзідэнт DVV International, Нямеччына), які зафіксаваў, што мы развіваемся як зачыненая сістэма. На мой погляд, гэта вельмі трапная фіксацыя сітуацыі.

 

Тыдзень НФА-2009 завершаны, але тэмы, пастаўленыя пытанні і агучаныя праблемы не вычарпаны. А гэта значыць, што вельмі важна працягваць працу ў дадзеным накірунку – верагодна, ужо ў іншых формах і рэжымах. Хочацца спадзявацца, што наступны Тыдзень НФА пакажа прырашчэнне зместу, напрацаванага напрацягу году, што стане сведчаннем паступовага руху да паляпшэння якасці жыцця.

 

З больш падрабязным аналізам вынікаў Тыдня НФА-2009, а таксама інфармацыяй пра асноўныя мерапрыемствы можна будзе азнаеміцца ў бліжэйшым нумары «Адукатара». Поўны варыянт тэкста чытайце на сайтах:

www.adukatar.net www.methodology.by