Еўрарэгіёну «Нёман» не хапае «шырыні мыслення»

|

Еўрарэгіён “Нёман” быў створаны яшчэ ў 1997 г. У яго склад уваходзяць Гарадзенская вобласць Беларусі, Падляскае ваяводства Польшчы, пяць раёнаў Калінінградскай вобл. Расіі і некалькі памежных паветаў Літвы.

Мэтай стварэння еўрарэгіёна было развіццё рознабаковага супрацоўніцтва паміж дзяржаўнымі структурамі і грамадскімі ініцыятывамі з пазначаных вышэй рэгіёнаў.

На практыцы, аднак, на беларускім баку еўрэрэгіёна “Нёман” адбываецца надзвычай малая колькасць транспамежных праектаў. Фактычна, на слыху толькі выстава-кірмаш “Еўрарэгіён “Нёман”, ды і тая ўжо даўно згубіла рэпутацыю пляцоўкі для наладжвання дзелавых стасункаў у межах еўрарэгіёна.

Куды лепшая сітуацыя ў іншых беларускіх еўрарэгіёнах – “Азёрны край”, “Буг”, “Белавежская пушча”, “Днепр”. Тут мясцовыя ўлады з розумам выкарыстоўваюць сродкі, якія розныя еўрапейскія фонды выдатковаюць на развіццё транспамежнага супрацоўніцтва.

У выніку колькасць праектаў у гэтых еўрарэгіёнах вымяраецца дзесяткамі, а іх агульны бюджэт часам перавышае міліён еўра. Гарадзеншчына ж ужо шмат гадоў гэтыя грошы губляе.

Удзельнікі канферэнцыі адзначалі, што для паляпшэння міжнароднага супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі ў Беларусі трэба спрасціць працэдуру дзяржаўнай рэгістрацыі ўхваленых спонсарамі праектаў (часам яе даводзіцца чакаць да двух гадоў!), правілы атрымання візаў для іншаземцаў, а таксама выкарыстоўваць патэнцыял грамадскіх арганізацый у наладжванні партнёрства паміж суседнімі краінамі.

Канферэнцыя была арганізавана ўстановай “Новая Еўразія” сумесна з гомельскім агенцтвам рэгіянальнага эканамічнага развіцця.

На здымку: урачыстае адкрыццё выставы “Еўрарэгіён “Нёман”-2009″.

Фота: grodno.biz