«Град асуджаны»: Night City № 108
У ноч з трэцяга на чацвёртае кастрычніка адбылася чарговая гульня Night City № 108. Правілы гульні налічвалі дваццаць узроўняў. Для пераадолення ўзроўню каманда павінна была знайсці код. Перамагае тая каманда, якая хутчэй усіх мінуе ўсе ўзроўні.
Звычайна каманда дзеліцца на дзве часткі: пошукавую групу і каардынацыйны цэнтр. Цэнтр размяшчаецца дзе-небудзь, напрыклад, у кватэры. Цэнтр вырашае інтэлектуальныя задачы і накіроўвае пошукавыя групы найбольш аптымальным шляхам. А пошукавая група, выконваючы парады цэнтру, шукае коды. Як правіла, пошукавая група складаецца з 20 чалавек на 4-х машынах, а 10-15 «інтэлектуалаў» сядзяць (дакладней – працуюць) у Цэнтры. Але такі склад каманды не з’яўляецца абавязковым.
… Месяц шчыра асвятляў горад, з’яўляючыся яўным прыхільнікам пошукавых груп. Аднак папацець прыйшлося не толькі пашукавікам, але і іх каардынацыйным цэнтрам – трапляліся заданні занадта інтэлектуальныя. Але тыя, хто чытаў кнігу братоў Стругацкіх «Град асуджаны» маглі больш-менш паспяхова рухацца праз перашкоды.
Мне, пасіўнаму ўдзельніку, было цікава і смешна назіраць, як каманды пад’язджаючы да сінагогі, перш за ўсё кідаліся да будынку ў пошуках коду, абшнырвалі ліхтарыкамі ўсё, што магчыма. У той час як я з агентам (сваеасаблівы такі код) стаялі на святле, на процілеглым баку. Прабегшы некалькі колаў, гульцы нас нарэшце заўважалі!
Здавалася б, простае заданне – выкрыць агента, а для тых, хто чытаў кнігу, наогул не складала ніякай праблемы. Але большасць сябраў каманд не паспелі прачытаць кнігу, а некаторыя прачыталі толькі напалову. Вось вам – наяўная карысць ад чытання класікі. Думаю, што менавіта на гэтым, чацвёртым, узроўні пад назвай «Юда Ступальскі», большасць каманд і завалілі свае цэнтры пытаннямі. Усе тэлефанавалі ў цэнтр, патрабуючы адказаў. Некаторыя даставалі мабільныя тэлефоны, дзе была электронная версія кнігі, а адна з каманд наогул дастала звычайную кнігу і пачала спяшаючыся гартаць старонкі…
Аўтар гульні – каманда KOMAsUTRA vs. deCODErs. Verasok, адзін з аўтараў, лічыць што асаблівасцю гэтай гульні была вялікая колькасць агенцкіх узроўняў, цікавая рэалізацыя ідэй падачы ўзроўняў, усталяванне на месцы кодаў і тэхнічная забяспечанасць. Гульня адбылся без эксцэсаў і спадабалася ўсім. Пераможцы:
1 месца – Кажаны (фінішавалі 4 кастрычніка ў 6:59:02, Штраф 3 гадзіны 12 хв.).
2 месца – Night Hunters (фінішавалі ў 6:56:12, штраф 3 гадзіны 33 хв.).
3 месца – Elks off St. Hubert (фінішавалі ў 7:37:50, штраф 3 гадзіны 34 хв.).