Вiктар Нiкалайчук: «Стральба пакорная ўсiм узростам»

|

Віктар Нікалайчук – новаспечаны суддзя вышэйшай нацыянальнай катэгорыі, без пяці хвілін дырэктар ДЮСШ, дырэктар стралковага комплекса «Азот» – паведаміць нам сёння пра сваё «дзецішча». – Віктар Рыгоравіч, спартыўны комплекс «Азот» – самае вялікае на сённяшні дзень і аснашчанае стралковае збудаванне ў Гродна, на базе якога праводзіцца большасць абласных спаборніцтваў.

– Раскажыце, калі ласка, нашым чытачам, што змяшчаюць у сабе словы «вялікае» і «аснашчанае».

– Наш комплекс функцыянуе ўжо больш за 23 гады. Акрамя 2-х ціраў (25 і 50 м), у будынку ёсць зброевая майстэрня, душавыя, пакоі для адпачынку, прасторная зала з канапай, тэлевізарам, тэнісным і більярдным сталамі. З 1996 г. спартсмены маюць магчымасць трэніравацца на электронным абсталяванні сусветна вядомай швейцарскай фірмы «Аскор», набыццё якой яшчэ нядаўна магла сабе дазволіць нават не кожная краіна. Зараз менавіта на такіх устаноўках праходзяць усе міжнародныя спаборніцтвы. Прыкладна з гэтага ж часу СК «Азот» з’яўляецца адной з асноўных баз нацыянальнай каманды Беларусі і галоўным месцам правядзення большасці абласных і часткі рэспубліканскіх спаборніцтваў. ІІ Этап Кубка Беларусі, які плануецца на пачатак сакавіка, адбудзецца менавіта тут (заўв. – аўт.) 3 гады таму ў будынку праводзілася рэканструкцыя: змянілі інтэр’ер, абнавілі столь, сцены, устанавілі новую сістэму электраасвятлення, якая адпавядае міжнародным стандартам для правядзення спаборніцтваў…

– Ці значыць гэта, што хутка тут будуць праходзіць міжнародныя спаборніцтвы?

– Не! (смяецца). Для арганізацыі афіцыйных стартаў высокага ўзроуню патрэбна новае абсталяванне і ў значна большай колькасці, чым мы валодаем зараз. Да таго ж інфраструктура самога гораду не дазваляе прымаць вялікую колькасць гасцей з іншых краінаў адначасова. Праўда, некалькі гадоў запар мы прымалі у сябе польскіх спартсменаў з Беластоку ў рамках міжнароднага турніра, прысвечанага памяці С.Прытыцкага. Але гэта невялічкі камерцыйны моладзевы турнір.

– З 2-га лютага вы ўступаеце ў паўнамоцтвы дырэктара дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы пры прафсаюзе ААТ «Гродна «Азот». Будзеце нешта мяняць?

– Думаю, у нейкіх кардынальных зменах сэнсу няма. Трэніровачны і выхаваўчы працэсы, на мой погляд, арганізаваны выдатна. Пра гэта гавораць штогадовыя высокія вынікі выступлення нашых спартсменаў на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. Ужо 5 год запар наша школа атрымлівае кубкі за першыя месцы на рэспубліканскай спартакіядзе ДЮСШ. Гэта, безумоўна, вялікі плюс – як самім спартсменам і іх трэнерам, так і кіраўніцтву. Маеш вартыя поспехі – атрымліваеш і сродкі на далейшае развіццё.