Гарадзенка атрымала дыплом Праведніка народаў свету
Як паведаміла “Твайму стылю” кіраўніца гарадзенскага габрэйскага абшчыннага дома “Менора” Алена Куцэвіч, урачыстая цырымонія адбылася ў Гродне яшчэ 5 кастрычніка.
Алена Базан атрымала дыплом Праведніка народаў свету за свайго бацьку – Канстанціна Мацюкевіча.
У 1941 г. жыхар неіснуючай ужо вёскі Свентаянск дапамог габрэйскай сям’і Самуіла Куклянскага перабрацца з Літвы ў Гродна, дзе пэўны час габрэяў не чапалі.
Пасля таго, як у 1943 г. Куклянскія ўцяклі ўжо з гарадзенскага гета, Канстанцін разам са сваім братам зноў даў ім прытулак, хоць рызыкаваў пры гэтым жыццём сваёй сям’і.
Сваіх выратавальнікаў Самуіл Куклянскі не забыўся. Пасля доўгіх гадоў пошукаў яму ўдалося знайсці дачку Канстанціна Мацюкевіча Алену Базан.
Больш як васьмідзесяцігадовая жанчына, як высветлілася, нічога не ведала пра гэтую гісторыю…
Імя Канстанціна Мацюкевіча, які пахаваны на гарадзенскіх могілках па вул. Антонава, выгравіравана цяпер на Сцяне гонару ізраільскага Інстытута памяці ахвярам Халакоста.
Дарэчы, для Алены Базан гэта ўжо другая ўзнагарода, атрыманая за бацьку.
У пачатку года прэзідэнт Літвы Валдас Адамкус перадаў ёй Крыж за выратаванне гінучых. Гэтай узнагародай у Літве ўшаноўваюцца тыя, хто з рызыкай для жыцця дапамагае іншым людзям.
На здымку: урачыстая цырымонія ўручэння Крыжа за выратаванне гінучых Алене Базан (злева) ў Гродне. Сакавік, 2009.
Фота: www.lrytas.lt