Фарс замест грамадскіх слуханняў

|

Грамадскія слуханні ў Астраўцы, прысвечаныя абмеркаванню магчымага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе будучай Беларускай АЭС, яшчэ да свайго пачатку выклікалі вялізную цікавасць у грамадскасці. У вялікай ступені – з-за празмернага імкнення ўладаў не дапусціць аніякіх «разбежак» у грамадскай думцы. У выніку атрымалася ўсё наадварот: забароны пікетаў, канфіскацыі інфармацыйных матэрыялаў, штраф мясцоваму актывісту антыядзернай кампаніі Івану Круку толькі ўзмацнялі інтарэс грамадства да таго, што робіцца ў Астраўцы.

А там на працягу апошніх месяцаў адбывалася актыўная «апрацоўка» насельніцтва. Зразумела, на карысць планаў па будаўніцтве АЭС. Сустрэчы ў працоўных калектывах, матэрыялы ў мясцовых СМІ, спалучаныя з недапушчэннем іншадумства, сваю справу зрабілі. Знясілены гадамі пошукаў годнага заробку і лепшай долі мясцовы люд «купіўся» на абяцанні новых месцаў працы, новага жытла, новых бальніц, дарог, школаў і г.д.

 

У такой сітуацыі запланаваныя на 9 кастрычніка грамадскія слуханні маглі б быць лёгка «выйгранымі» ўладамі за кошт запаўнення залі тымі, хто сапраўды «за» АЭС і гатовы па сваёй добрай волі засведчыць гэта. Замест гэтага ўлады вырашылі чарговы раз перастрахавацца і ў выніку атрымалі маральную паразу перад тымі, хто выступае супраць будаўніцтва АЭС. Вось толькі няпоўны пералік абсурдных «ляпаў», зробленых арганізатарамі слуханняў:

 

align=”left” >1. Арышт і сем сутак для расейскага эколага Андрэя Ажароўскага. Нібыта за парушэнне грамадскага парадку. Рэальна – за спробу пранесці ў залу матэрыялы з крытычнай ацэнкай планаў па будаўніцтве АЭС. Вынік – міжнародны скандал: Міністэрства замежных справаў Расіі накіравала ноту пратэста Беларусі з нагоды затрымання свайго грамадзяніна.

 

2. Беспрэцэдэнтныя меры бяспекі. Кінатэатр, у якім адбываліся слуханні, быў ачэплены ў радыюсе 100 метраў. Ва ўсіх, хто трапляў у гэтую «зону» (нават у дзяцей, якія ішлі ў музычную школу) правяралі сумкі! Сам кінатэатр аж кішэў ад супрацоўнікаў міліцыі і спецслужбаў у цывільным, са слухаўкамі ў адным вуху і бэйджыкамі «Волонтёр». Менавіта гэтыя «волонтёры» не пускалі «непажаданых» асобаў (у іх лік патрапіў, напрыклад, кіраўнік АГП Лябедзька) у залю. Кіраваў «парадам» начальнік астравецкай міліцыі. Таксама ў цывільным. З бэйджам «Организатор».

“Волонтёры” не пускаюць у залу эколага Ніну Палуцкую

3. «Штучна» запоўненая зала, дзе адбываліся слуханні. «Прадстаўнікоў грамадскасці» аўтобусамі звозілі з усёй вобласці. Вынік – без месцаў засталіся амаль усе тыя, хто прыйшоў па сваёй волі. Клопаты з тым, каб патрапіць у залю мелі нават тыя, хто заявіўся для выступу!

 

4. «Паказушныя» выступы. Прадстаўнікі з розных раёнаў Гарадзеншчыны (у асноўным – маладыя настаўнікі) як пад капірку дундзелі пра АЭС як «гарант незалежнасці Беларусі», запэўнівалі, што «ўсе, як адзін, жыхары Мастоўшчыны (Воранаўшчыны, Ашмяншчыны і г.д.) галасуюць «За» АЭС. Гучалі вершыкі ў стылі «Цветёт сирень, не отцветает, а Ваши ручки вдохновляют». Асабліва «эфектным» стаўся выступ кабеты з Карэліцкага раёну, якая на каго толькі не спасылалася («Как водится у нас на Руси», «Как говорил дедушка Ленин», «Як казаў Зянон Пазьняк»), каб урэшце далучыць свой голас да «прагрэсіўнай абшчэственасці».

 

5. Пазбаўленыя магчымасці выступіць. Парадак выступаў быў спланаваны заранёў. На адзін выступ супраць АЭС «прэзідыюм» на чале з намеснікам старшыні гарадзенскага аблвыканкама Кавалёвым «адказваў» 4-5 запар выступамі «у падтрымку». У выніку непачутымі засталіся многія з тых, хто хацеў выказаць свой занепакой планамі будаўніцтва АЭС.

 

6. Прымітыўныя агітацыйныя матэрыялы. У час рэгістрацыі ўсе ўдзельнікі слуханняў атрымлівалі два поўнакаляровыя агітацыйныя буклеты «за АЭС» без усялякіх выходных дадзеных (відаць, стваральнікам стыдна было прызнацца ў сваім аўтарстве). У адным з буклетаў з падтытулам «Мы ЗА АЭС в 2 Гигаватта, мы ЗА работу, мы ЗА зарплату» невядомыя аўтары адказваюць на пытанні «молодёжи г. Островец, группы студентов, жителей Молодечно» і г.д. Аўтары другой брашуры дапісаліся да таго, што «в городах, где расположены АЭС, состояние здоровья у населения значительно лучше, чем в других населённых пунктах»!

 

7. Пазбаўленыя магчымасці нармальна выконваць сваю працу журналісты. Адведзеныя для іх два шэрагі месцаў пазаймалі прывезеныя з Мінску чыноўнікі. Журналістаў з недзяржаўных выданняў пусцілі ў залу толькі за пару мінут да пачатку мерапрыемства, так і не даўшы месцаў, каб праз 10 хв. зноў вывесці за дзверы: маўляў, трансляцыю слуханняў паглядзець можна і ў файе.

 

8. Выбітая шыба ў аўтамабілі карэспандэнта «Радыё Свабода». У самым цэнтры Астраўца, днём, побач з банкам і іншымі публічнымі ўстановамі. Што за дробязная помста за праўду!

 

Астравеччына – гэта мая радзіма. Ад моманту, калі пачаліся размовы пра магчымае будаўніцтва тут АЭС, стараюся адсочваць, што гавораць пра гэта мае сваякі, іншыя мясцовыя жыхары. Бачыў, як ад насцярожанасці іх меркаванне схілялася на карысць АЭС. Бачу, як зараз на змену радаснаму чаканню абяцанага раю зноў прыходзіць насцярожанасць. Ці сапраўды ўсё так бяспечна з той АЭС, калі ўлады так імкнуцца «абараніць» мясцовых жыхароў ад крытычных меркаванняў на гэты конт? Ці не ператворыцца маляўнічы і ціхі Астравецкі край, дзе ўсе адзін аднаго ведаюць, у адну шумную будоўлю, дзе лепшыя працоўныя месцы ўсё роўна будуць мець прышлыя спецыялісты? Ці не пазаймаюць лепшыя месцы ў тых плануемых школах, садках ды шпіталях жонкі ды сваякі гэтых спецыялістаў?

 

Урэшце, ці сапраўды АЭС стане «гарантам суверэнітэту» і інструмантам папярэджання «газавых войнаў», калі будаваць яе давядзецца ў пазыку з боку дзяржавы, якая, як вынікае з логікі прыхільнікаў «мірнага атаму», уяўляе пагрозу гэтаму самаму суверэнітэту і вінаватая ў тых самых «газавых войнах»? Пазыкі ж аддаваць трэба! А тут гаворка ідзе нават не пра міліёны!

 

Ясныя адказы на гэтыя пытанні маглі б прагучаць у час грамадскіх слуханняў. Не прагучалі. І наўрад ці прагучаць ужо публічна. Звычка перастрахоўвацца ў адносінах са сваім народам моцна засела ў свядомасці чыноўнікаў. Але недавер спараджае недавер. А гэта ўжо міна запаволенага дзеяння. Матэрыялы пра грамадскія слуханні ў Астраўцы і падзеі вакол іх чытайце і глядзіце таксама па пададзеных ніжэй лінках: http://t-styl.info/archive/1893/ http://www.tstyl.fm/archive/1897/

 

Фота на застаўцы: ucpb.org

Фота: В. Дрэма, prosto-free.livejournal.com, bp21.org, Радыё Свабода