«Зялёныя сумкі» пайшлі па кватэрах
Перапісчыка вельмі лёгка выдзеліць з натоўпу па наяўнасці ў яго зялёнай сумкі, якая на перыяд правядзення гэтага мерапрыемства павінна быць для яго адной з самых каштоўных рэчаў. Убачыўшы такую асобу на парозе сваёй хаты, жыхары рэагуюць па-рознаму: хтосьці адразу запрашае зайсці і гатовы шчыра адказаць на ўсе прапанаваныя пытанні анкеты, а хтосьці з незадаволеным выразам твару, ці не жадае і дзверы адчыніць.
Для некаторай часткі гарадзенцаў застаюцца незразумелымі мэты перапісу насельніцтва, яны прыводзяць у прыклад краіны Заходняй Еўропы, дзе такога і блізка няма.
Асноўная анкета ўключае ў сябе 19 пытанняў, адказаць на якія часам не вельмі проста нават інструктарам, а людзям не абыйсціся без дапамогі. Напрыклад, асноўную прадукцыю вытворчасці ці паслугі, якія аказвае арганізацыя, у якой працуе рэспандэнт, не кожны змог адразу назваць. Пытанні наконт грамадзянства, нацыянальнасці, роднай мовы і штодзённай мовы ўжывання некаторыя палічылі псіхалагічным тэстам. Вызначэнне роднай мовы як мовы, засвоенай першай у раннім дзяцінстве, палічылі правакацыйным.
Усмешку выклікалі пытанні для дзяўчынак ва ўзросце ад 15 гадоў аб стане ў шлюбе і колькасці народжаных дзяцей і для 60-гадовых аб навучанні ва ўстанове адукацыі. Аднак ніхто не пацікавіўся аб перапісных лістах на беларускай мове, хаця ў невялікай колькасці такія мае перапісчык.
Самой цікава, якія ўражанні я атрымаю праз тыдзень працы? Абавязкова падзялюся з чытачамі.