Пра лінгвістычныя нюансы, інтэрнат і турыстаў
Яшчэ больш складанай задачай, чым сачыніць нешта займальнае, з’явілася зрабіць нейкі цікавы тэматычны здымак – напрыклад, знайсці веласепідыста на гродзенскіх вуліцах, нават, падчас акцыі «Дзень без машыны». Пасля доўгіх пошукаў я знайшла аднаго дзядулю, хаця і сумняваюся, што ён абраў веласіпед як сродак перасоўвання менавіта з-за клопатаў пра нашую планету.
Мой працоўны час таксама ідзе на падрыхтоўку заняткаў па польскай мове. Гэта мая родная мова, таму магло б падацца, што складанне плану заняткаў не павінна выклікаць нейкіх цяжкасцяў. Але гэта не зусім так. Як любы носьбіт роднай мовы, я ніколі не задумвалася, чаму адна граматычная форма такая, а іншая такая, чаму гэтая правільная, а тая – не. Зараз, каб растлумачыць гэтыя лінгвістычныя нюансы замежнікам, даводзіцца доўга перагортваць старонкі падручнікаў. Затое я даведваюся шмат цікавага пра мову, на якой размаўляю з дзяцінства.
Непрацоўнага часу, як, зрэшты, і працоўнага, вельмі мала. Пасля працы звычайна да нас прыходзяць госці. Гэта добрая магчымасць падчас размоваў у неафіцыйных абставінах пачуць шмат цікавага пра беларускія рэаліі.
Напрыклад, нядаўна адзін знаёмы прыйшоў з рукой у гіпсе – з пляча па запясце. Па яго словах, ён вывіхнуў руку, калі прадзіраўся праз вакно ў адзін з мінскіх інтэрнатаў. Для мяне сітуацыя была трагікамічнай, бо ў свае студэнцкія гады я таксама нелегальна ночыла ў студэнцкіх інтэрнатах, праўда, рукі-ногі былі цэлыя. Я не лазіла праз вокны, а проста імчалася міма вахцёркі, а яна і не пытала, да каго я іду. А нават калі б і спытала, дастаткова для атрымання дазволу пераночыць пакінуць які-небудзь дакумент ды аплаціць некалькі злотых.
У той вечар я ўзгадала маё мінулагодняе наведванне аднаго з гродзенскіх інтэрнатаў, калі знаёмая хутка схавала электрачайнік, бо баялася кантролю. Аказваецца, жыццё кракаўскага студэнта нашмат прасцей – у ягоным пакоі можа знаходзіцца любое электраабсталяванне, сябры могуць легальна ночыць. Акрамя таго, у інтэрнат можна прыходзіць калі заўгодна – нават пасля апоўначы!
Калі атрымліваецца выходны, што я не сплю да абеда, я спрабую яго выкарыстаць з максімальным ККДз. Так аднаго разу я сабралася ў Літву. Ніколі там не была раней, бо Вільня з перспектывы Кракава знаходзіцца далёка. Ад Гродна ўсяго нейкіх 70 кіламетраў – чаму б не з’ездзіць, асабліва, калі палякі трапляюць туды без візаў.
У Вільні я назірала натоўпы турыстаў з Польшчы. У галаве ўзнікла пытанне: чаму ў Гродна так мала турыстаў? Пытанне ў прынцыпе простае – візавы рэжым. Не гледзячы на тое, што так складана аформіць візу, беларускія турысты таксама заўважныя за паўночнай мяжой, асабліва, калі набываюць вялікую колькасць (як мінімум 20 кілаграмаў)… бульбы. Такое я бачыла ў памежным гарадку, калі зайшла ў буйную краму, дзе якраз быў распродаж. Я таннай бульбе (усяго 49 літоўскіх цэнтаў за кіло) не парадавалася, можа, таму што не беларуска. Але ў добры настрой мяне прывялі на паліцах улюбёныя маркоўны польскі сок і ўкраінскі кетчуп з часныком.
Добры настрой падтрымаў і літоўскі кіроўца, які заўважыўшы, што я раблю здымак, спыніў машыну, паглядзеў проста ў аб’ектыў, шырока ўсміхнуўся, як быццам пазіраваў для здымка, і з’ехаў.
Такіх момантаў, якія грэюць душу, шмат. І гэта не залежыць ад таго, дзе і што я раблю. Удзень на працы, увечары на кватэры са знаёмымі, па выходных у незнаёмых месцах. Заўсёды і паўсюль можа надарыцца нешта цікавае, пра што можна будзе пачытаць у маім дзённіку.