Дом, дзе з’яўляецца полтэргейст

|

Яны даўно бачаць і чуюць тое, што вельмі цяжка растлумачыць сучаснай навуцы. У іх кватэры жыве самы звычайны полтэргейст.

 

Менавіта ў гэтай кватэры ў 1977 г. жанчына скончыла жыццё самагубствам, а ў 1991 годзе туды засялілася новая сям’я. Тады ўсе і пачалося. Першай на сабе гэта адчула гаспадыня кватэры: толькі пачалі рабіць рамонт, жанчына бяліла столь у кухні і пачула як адчыніліся дзверы паміж пярэдняй і залай. Затым было чуваць крокі да кухні, дзе таксама адчыніліся дзверы. Крокі пачалі набліжацца да жанчыны… Прыкладна ў гэты час павінна была прыехаць яе маці, таму гаспадыня не абарочваючыся сказала: «Прывітанне мама». У адказ – цішыня. Жанчына спалохалася і пабегла ў залу. Крокі пайшлі за ёй, потым зніклі.

 

Яшчэ большы жах перажыла на сабе маці гаспадарыні. Калі яна прымала ванну, дзверы раптам расчыніліся, а ў кватэры нікога не было. Перапалоханая жанчына закрыла дзверы на кручок і прадоўжыла прымаць водныя працэдуры. Але не паспела яна намыліць галаву, як дзверы пачалі грукацець, нібыта іх спрабавалі зняць з пяцель…

 

Здараліся выпадкі, калі жыхароў нехта кранаў за рукі і за ногі; ці калі раптам знікала нейкая рэч, якую толькі тры хвіліны назад паклалі на віднае месца. Шукаць яе не было сэнсу, праз некалькі тыдняў яна сама з’яўлялася на… тым жа самым месцы!

 

Жанчыну, якая скончыла жыццё самагубствам, зараз, калі «пашчасціць», можна ўбачыць у люстэрку, якое знаходзіцца ў пярэдняй. З’яўляецца яна ў чорным адзенні і глядзіць акурат вам у вочы. А вось сын гаспадарыні кватэры нават чуў яе спевы: ён знаходзіўся ў залі, калі з кухні пачаў данасіцца прыгожы жаночы голас. У кватэры ён знаходзіўся адзін, таму, здзіўлены, пайшоў на кухню. Голас раптам знік. Калі хлопец вярнуўся ў залу спеў пачаўся зноў і працягваўся яшчэ некалькі хвілін. Гэта была песня на стары манер, чымсьці падобная да «Ой мароз, мароз…».

 

Калі жыхары не вытрымалі і запрасілі святара асвяціць кватэру, усе «незямныя» дзеянні зніклі. Але людзі былі папярэджаныя, што гэта толькі часова. Некалькі гадоў таму ўсё пачалося зноў. Праўда не так бурна, як у 90-я гады. Магчыма, полтэргейст набіраецца сілаў.

 

А вось суседзі, якія жывуць побач, ніколі нічога асаблівага не бачылі, хаця сувязь паміж імі і «духам» усе ж такі ёсць: найбольшая актыўнасць прывіда здаралася, калі нехта з суседзяў захворваў. Спецыялісты ў вобласці паранармальнага лічаць, што полтэргейсты падпітваюцца нашымі адмоўнымі эмоцыямі. І хворы чалавек, які знаходзіцца побач з гэтай істотай, можа дастаткова яе «накарміць».

 

Гаспадары кватэры спрабавалі фатаграфаваць усе пакоі мабільным тэлефонам. У ваннай на фатаграфіях было відаць цень жанчыны (яшчэ пры рамонце менавіта на гэтую сцяну ніяк не хацела прылеплівацца плітка). Каб фатаграфіі не прапалі, іх скапіравалі на кампутар. Пасля гэтага і тэлефон, і кампутар працавалі вельмі нядоўга. Фатаграфіі не ўдалося захаваць.

 

Святары праваслаўнай царквы кажуць, што час гэтай жанчыны яшчэ не прыйшоў. Яна павінна адбыць на зямлі столькі, колькі даў ёй Бог. І калі б яна не скончыла жыццё самагубствам, то была б яшчэ жывая. Вось яна і чакае свайго часу побач са звычайнымі людзьмі.

Ілюстрацыя http://woofex.ru