Фатальная «дзевятка»

|

Гэта ж здараецца такое: абедзьве стужкі знятыя малавядомымі рэжысёрамі пад патранажам вядомых прадзюсераў, абедзьве гэта разгорнутыя версіі аўтарскіх караткаметражак, абедзьве маюць у назве лічбу 9 і з’явіліся ў адзін час. Як мінімум адну з іх я вельмі чакаў. Як аказалася, дарма.

 

«Раён №9» большасць крытыкаў сустрэла амаль са шчанюковым віскам. Новае слова ў фантастыцы, эпахальны фільм, лепшая стужка году і г.д. Не буду спрачацца, фільм, сама меней, годны прагляду. Надзвычай арыгінальны сцэнар: іншапланетнікі ў выніку тэхнічных праблем высаджваюцца на Зямлі, пачынаюць жыць у бедных раёнах Ёханэсбурга і весці асацыяльна-бамжаваты тып жыцця. Модная тэхніка здымкаў «з рукі», імітацыя рэпартажу і дакументальнага фільму надае гэтай гісторыі пра касмічных прыхадняў яшчэ большы рэалізм і недвухсэнсоўныя паралелі з сучаснымі праблемамі чалавецтва.

 

Аўтары стварылі нетыповы вобраз іншапланетнікаў. Гэта не варожыя монстры, якія хочуць толькі забіваць і заваёўваць, але і не мілы бяскрыўдны E.T. з фільму Спілберга. Яны агідныя, але таксама бездапаможныя і разгубленыя, што выкарыстоўваюць людзі ў сваіх цынічных мэтах.

 

Нажаль, арыгінальны падыход да жанра істотна сапсаваны пошлай рэалізацыяй у стылі Трансформераў. Абавязовы хэпі-энд у самай складанай сітуацыі, непатрэбныя слязлівыя драматычныя сцэны, тыповая галівудшчына ў другой палове фільму, калі экшн замянае ўсю арыгінальнасць аўтарскай задумкі ды ператварае стужку ў другі «Дзень Незалежнасці», мноства дробных лагічных і сюжэтных памылак.

 

«Раён №9» – таннае маралізатарства, якое наўрадці ўвойдзе ў канон фантастыкі. Хаця б таму, што тэхнічна такі фільм будзе надта цяжка паглядзець на хатнім DVD, як напрыклад «Назад у будучыню».

 

align=”left” >Падобны лёс сустрэў дзесяціхвілінную анімацыю Шэйна Акера пра дзіўны свет знішчаны войнамі, дзе маленькія чалавечкі сшытыя з мяшка для бульбы змагаюцца з крыважэрным робатам-катом. Незвычайная атмасфера пустаты і таямніцы, якой прывабліваў арыгінал, знікла ў кінаверсіі. Аўтары паспрабавалі растлумачыць усё, нават тое, што тлумачэння не патрабавала. Перагружанасць дыялогамі так і прэ з экрану. Пры тым, што першая версія (http://www.youtube.com/watch?v=-hzCfOvsq64) абыходзілася без ніводнага слова!

 

У выніку ўся магія казкі знікла. Адчуваецца другаснасць: асабіста я ўвесь час бачыў то эха «Матрыцы», то «Тэрмінатара». Цешыць толькі надзвычай эстэтычнае асяроддзе, стылізаванае пад першую сусветную вайну з элементамі стымпанка. Але гэтага мала. Тут таксама форма пераважыла змест. Цяжка сказаць, хто вінаваты. Не хочацца звальваць на прадзюсераў, якіх я шаную ў кіно: Тыма Бёртана, Цімура Бекмамбетава ды Пітэра Джэксана. Звалім лепш віну на сістэму масавага кіно, якая патрабуе спрашчэння і мелізны ідэй.

 

Станіслаў Лем, вялікі пісьменнік, у якога «science» значыла не меней за «fiction», стварыў некалі «Кішэнны камп’ютэр трылераў сайнс-фікшн» (http://pics.livejournal.com/mshmel/pic/0004ghqf) – літаратурны жарт, выкрываючы oбогасць гатунку. Дазволю сабе цытату: «… навукова-фантастычны твор праграмна належыць да перадавікоў сусветнай літаратуры! Усё ж такі, ён кажа пра лёс чалавецтва, пра формы жыцця ў Космасе, пра развіццё і ўпадак тысячагадовых цывілізацый, закідвае нас адказамі на галоўныя праблемы кожнага разумнага быцця… Толькі ён гэтыя свае заданні, якія сам сабе абраў, на 99 адсоткаў рэалізуе дурнавата, безгустоўна, схематычна. Заўсёды абяцае бясконца шмат і амаль ніколі не трымае дадзенага слова … »

 

Крытыка Лема ідэальна пасуе да фільмаў, якія я сёння разглядаю. Тое, што пачалося як арыгінальныя і цікавыя аўтарскія знаходкі, ператварылася ў састарэлы схематычны кінашлак. Другі раз я нават не зірну ў яго бок.

 

Фільм: Раён № 9, 2009 г., ЗША-Новая Зеландыя, 112 хв.

Рэжысёр: Нэйл Бламкамп

Жанр: фантастыка

Ідэя: 9/10

Рэалізацыя: 6/10

 

Фільм: 9, 2009 г., ЗША, 79 хв.

Рэжысёр: Шэйн Акер

Жанр: постапакаліптычная анімацыя

Ідэя: 8/10

Рэалізацыя: 5/10