Андрэй Ажароўскі: «Слуханні з’яўляюцца адным вялікім хуліганствам»

|

Актывіст экалагічнага руху быў затрыманы 9 кастрычніка ў Астраўцы, аб чым паведамляў ТС, куды прыехаў для ўдзелу ў грамадскіх слуханнях, прысвечаных папярэдняй справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АЎНА) беларускай АЭС.

 

На судзе сведкі з боку абвінавачання паказалі, што пры правядзенні слуханняў Ажароўскі каля кінаканцэртнай залы ў цэнтры Астраўца «паводзіў сябе абуральна да асоб, якія яго акружалі, прадстаўнікоў улады і грамадзян, кінуўшы пакет з друкаванай літаратурай, спрабаваў прайсці ў будынак, але яго хуліганскія дзеянні былі спынены».

 

Паводле слоў Ажароўскага, уся сітуацыя з яго арыштам сведчыць, што «слуханні з’яўляюцца адным вялікім хуліганствам». Як лічыць Ажароўскі, «далейшыя правакацыі з боку беларускіх уладаў» дапамагло прадухіліць умяшанне пасольства Расіі ў Беларусі, якое 12 кастрычніка накіравала ў беларускае Міністэрства замежных спраў ноту для высвятлення дэталей яго затрымання. Актывіст таксама нагадаў, што ён абскардзіў рашэнне суда Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці ў абласным судзе. Скарга павінна быць разгледжана на наступным тыдні.

 

Акрамя таго, Ажароўскі звяртаўся ў пракуратуру, аднак там рашэнне суда палічылі законным. Вучоны заявіў, што будзе працягваць змагацца супраць атамнай энергетыкі ў Беларусі і Расіі.

Паводле інф. БелаПАН