Міністэрства культуры адказала гродзенскім гісторыкам

|

Палац у Свяцку згадваецца на двух старонках дакумента толькі тры разы: ва ўступе і напрыканцы тэкста.

А змест ліста з міністэрства культуры зводзіцца да таго, што сядзібныя ансамблі актыўна аднаўляюцца на Магілёўшчыне, Гомельшчыне і Берасцейшчыне.

Ліст падпісаны старым знаёмым абаронцаў архітэктурнай спадчыны Гродна намеснікам міністра культуры У.Грыдзюшкам.

 Адзін з ініцыятараў звароту да міністра культуры, гісторык Андрэй Вашкевіч:

“Гэты памагаты гарадзенскіх “рэстаўратараў” нясе асабістую адказнасць за разбурэнне “Гарачага хлеба” на вуліцы Горкага, флігеля палаца адміністратара па вуліцы Горкага №2. Зараз, замест аднаўлення зліўной трубы ён запэўнівае нас, што ўсё супер.

Нашы спадзяванні на ўмяшальніцтва новага міністра культуры ў лёс Свяцкага палаца цалкам разваліліся”.

З поўным тэкстам ліста з міністэрства культуры можна азнаёміцца на сайце http://harodnia.com/a200.php

Як пісаў “ТС”, ліст за подпісамі гісторыкаў Андрэя Вашкевіча, Андрэя Чарнякевіча, Юрыя Гардзеева, Ігара Лапехі і Алеся Смаленчука быў накіраваны міністру культуры Беларусі П.Латушку ў верасні.

Гісторыкі, у прыватнасці зазначалі, што ў Свяцкім палацы амаль цалкам разбурылася зліўная сістэма, што прывяло да імклівага разбурэння сцен. Звонку па іх сцякае вада, а знутры сцены пакрыліся тоўстым слоем плесені і моху.

Аўтары звароту прасілі Паўла Латушку ўзяць лёс палаца  пад асабісты кантроль, паспрыяць аднаўленню зліўной сістэмы і хаця б элементарнай кансервацыі разбураных сценаў.

Фота з сайта http://harodnia.com/