Знаёмства ў тры этапы…
У сярэдзіне верасня я пакінула родны Кракаў і прыехала ў Гродна ў якасці валанцёра. Чалавек вучыцца ўсё сваё жыццё, і ў мяне была падобная мэта – засвоіць новую прафесію і пазнаць іншую культуру. Маё знаёмства з Беларуссю падзялілася на тры этапы: захапленне, шок перамяшаны з расчараваннем, і пакорлівасць.
Пра даверлівасць і ўсмешку
Прыказка «госць у хату, Бог у хату» аб’ядноўвае і палякаў, і беларусаў. У Польшчы досыць прыняць госця печывам і гарбатай. Тут – па-іншаму. Уваходзячы ў чужы дом, я ведаю, што галоднай не сыйду, таму што адразу станаўлюся ледзь ці не членам сям’і. Захаваўся тут і выдатны звычай – чаяванне. У эпоху Макдональдса час бяжыць імкліва. Палякі і на працы, і ў хаце, ставяцца да кубка гарбаты або кавы як да дадатку бутэрброда. У Гродна я вучуся адводзіць належную ўвагу гарбаце і – абавязкова – «закусваю» яе шакаладкай.
Самае складанае – разабрацца ў схеме міжасобасных адносін. Нельга сказаць, у якой краіне яна «лепш» або «горш», але неразуменне розніцы можа прывесці да сур’ёзных праблем.
Беларусаў злучае ўнутраная сувязь, якой чалавек захаду зможа падпарадкавацца, але якой не зразумее. Гэтая сувязь вучыць быць адкрытым для іншых і дапамагаць у бядзе. Яе можна вызначыць як – даверлівасць, няпісаная дамова або зычлівасць.
Адносіны ў Беларусі можна назваць фамільярнымі, у Польшчы – афіцыйнымі. Тое, што палякі лічаць уварваннем у асабістую прастору, для беларусаў з’яўляецца тыповай манерай паводзін. Тое, што палякі характарызуюць як «флірт», у Беларусі з’яўляецца выразам прыязнасці. У Польшчы прынята ўсміхацца незнаёмым на вуліцы для таго, каб падзяліцца сваім шчасцем, а не для таго, каб паказаць зацікаўленасць у знаёмстве. Адкуль такія адрозненні?
Ужо тут, у Гродна, я пачула ад беларусаў: усё з-за таго, што Польшча – каталіцкая краіна. Як быццам паняцці «каталік», «пратэстант» або «праваслаўны» могуць растлумачыць усе асаблівасці. Я такога адказу не прымаю, у мяне іншае тлумачэнне. Польшча заўсёды мела цесныя сувязі з тымі заходнімі краінамі, у якіх усмешка з’яўляецца часткай як прафесійнага, так і асабістага жыцця, дзе адначасова ўсміхаюцца і шануюць асабістую прастору. Беларусь доўга знаходзілася пад уплывам той краіны, у якой усміхацца не прынята. Напрыклад з-за меркаванняў, што жыццё такое складанае, што «толькі дурань можа радавацца». Затое ў Беларусі ўсмешку шануюць і не ўсміхаюцца без прычыны і абы каму. У той час, як у Польшчы мы часта ўсміхаемся толькі таму, што так прынята.
Пра іржавыя маршруткі і алкаголь
Абурэнне еўрапейца выклікае шмат рэчаў, у тым ліку тэхнічная адсталасць. Самы яркі прыклад – гарадскі транспарт. Ён адстае ад Польшчы на 10-15 гадоў. Я часта задумваюся над дзвюма рэчамі: ці гатовая я сесці ў іржавы аўтобус, які старэйшы за мяне ў два разы, і ці ўпэўнены кіроўца тралейбуса, што яго машына даедзе назад да дэпо? Маршрутнае таксі, якое карыстаецца вялікай папулярнасцю, такой гарантыі не дае. Машыны недзяржаўных перавозчыкаў часта ламаюцца, часам не давозяць кліентаў да патрэбнага пункту і ўвогуле не кампенсуюць шкоду.
Польскія гарады ўначы палохаюць крыміналітэтам. У Беларусі назіраецца іншая з’ява: купкі маладых і больш сталых людзей штодзень співаюцца: у парках, у пад’ездах, на беразе Нёмана. І нельга сказаць, што гэта з-за наяўнасці вольнага часу… У Гродна ёсць розныя ўстановы, клубы, спартовыя гурткі, курсы, куды можна пайсці.
Падчас першага шпацыру па Савецкай плошчы, я сустрэла пажылую парачку, якая не саромеючыся піла самагонку. Мужчына спрабаваў пакарміць галубоў хлебам, але яго “палова” яму не дазволіла – грошай няма, а ў хаце няма чаго есці.
У Еўропе забараняецца піць алкаголь на вуліцах, каб «не выносіць смецце з хаты». Праблема алкагалізму не вырашаная, але магчымасці публічнага ап’янення на вачах у грамадскасці памяншаюцца. Задача такой забароны адна – абмежаваць уплыў негатыўнага прыкладу. У Беларусі створаныя так званыя зоны цвярозасці – тэрыторыі, на якіх забараняецца піць алкаголь. Гэтых тэрыторый пакуль мала, і яны не ахопліваюць цэнтра гораду.
Пра разбэшчаных мужчын і абураных кліентаў
Падпіўшыя мужчыны часта нахабна спрабуюць «пазнаёміцца». Прыкра тое, што дзяўчаты прымаюць такія паводзіны.
Беларускі мужчына не толькі шмат п’е. Ён яшчэ разбэшчаны і прызнае свабоду сэксуальных адносін. Да гэтага яго падштурхоўваюць… самі дзяўчаты, якія баяцца застацца самотнымі, часта не звяртаюць увагі на відавочны негатыў і робяць усё, каб утрымаць мужчыну побач з сабою.
Аднак, у беларусаў ёсць і свае перавагі – яны ведаюць, як дамагчыся свайго, як заляцацца да дзяўчыны, каб узкружыць ёй галаву. У іх больш эмацыйнага пачатку, чым у палякаў – беларусы больш адкрыта і палымяна гавораць аб сваіх пачуццях. На жаль, гэтыя пачуцці таксама хутка згасаюць, як і ўспыхваюць.
Стаўленне да кліента ў розных установах і крамах не паддаецца апісанню і тлумачэнню. У рэстаранах афіцыянты не ласкавыя і не выконваюць сваю працу хутка і якасна. Усюды дзейнічае незразумелая сістэма – «паеў, папіў, вызвалі месца». Прыкметна, што кліентаў такое абслугоўванне абурае, але яны не ўмеюць дамагчыся лепшага. Цікава, што калі яны «пераходзяць на іншы бок», т.б. з кліентаў ператвараюцца ў абслугу, паводзяць сябе сапраўды так, як тыя, каго раней папракалі ў грубіянстве. Кола замыкаецца.
Шакіруе і тое, што за абедам амаль усе паляць. У Еўропе там, дзе падаецца ежа, паліць забараняецца. Звычайны малюначак на вуліцы – бацька трымае за руку маленькае дзіця і паліць. Тытунь танны, але пры гэтым практычна няма ніякіх рэкламных акцый або грамадскіх кампаній, якія выступалі бы супраць палення.
Да 2012 года ўсе краіны Еўразвязу абавязаныя забараніць паленне у такіх месцах, як прыпынкі, вакзалы і рэстараны, у зачыненых памяшканнях, у тым ліку пабах і дыскатэках. Беларусі не зашкодзіла б рушыць у гэтым накірунку.
Пра пенсіянераў і мову
Тэма ўзроўню жыцця пажылых людзей з’яўляецца актуальнай і хваравітай і ў шэрагу развітых краін. У Кракаве час ад часу я сустракала людзей сталага ўзросту, якія спрабавалі як-небудзь падрабіць на неабходныя лекі. У Беларусі – бабулі, якія займаюцца дробным гандлем сталі часткай гарадскога ландшафту. І я пачынаю гэта прымаць, як нармалёвую з’яву. Хаця тэарэтычна пенсія – гэта час, калі чалавек павінен займацца тым, што яму падабаецца, а не дбаць пра тое, як пражыць наступны тыдзень.
З моманту прыезда ў Гродна я кожны дзень вучуся і заўважаю новыя рэчы. Нешта мне падабаецца, нешта – не. Важна разумець розніцу паміж намі і прымаць яе. Нельга ж уваходзіць у чужы манастыр са сваім статутам.
Беларусь – супярэчлівая краіна. Ярчэй за ўсё гэта выяўляецца ў моўнай праблеме. З аднаго боку, у жыцці пераважае руская, «чужая» мова. Але з іншага боку, краіна ўнікальная сваёй унутранай згуртаванасцю. Складана сказаць, што жыхары Расіі або Ўкраіны ствараюць адзін жывы арганізм. У Беларусі за 18 гадоў ад падзення СССР сфармаваўся адносна моцны арганізм. З гэтым беларусаў можна толькі павіншаваць.