Дзе двое ў аднолькавых ролях
– Перш за ўсё, трэба адрозніваць аргентынскае танга ў яго класічным варыянце і танга бальнае, ці спартыўнае – кажа Анжаліка. Спартыўнае танга – танец для ўдзелу ў шматлікіх спаборніцтвах. У Гродна аргентынскае танга не вельмі распаўсюджана.
– Анжаліка, растлумачце, што ж такое танга?
– Хм… Гэта – нюансы, узаемаразуменне, гэта іскаркі паміж партнёрамі. Яна – Кармэн, гішпанская танцоўшчыца, яе кавалер – мача, уладарны, тэмпераментны, эмацыянальны… Гэты танец – выйсце для моцных натур, якім няма магчымасці ў паўсядзенным жыцці знайсці выйсце для свайго тэмпераменту.
Як патлумачыла мая суразмоўца, адно з адрозненняў танга ад другіх лацінскіх танцаў – роўнасць паміж партнёрамі. Звычайна танцор – вядучы, яго партнёрша – вядомая. Але не ў танга! Тут двое ў аднолькавых ролях.
– Ці складана навучыцца танцаваць танга?
– Танга – не самы просты лацінаамерыканскі танец. Калі браць сістэму танцавальных класаў пад літарай «Е», то я трэнірую дзяцей, пачынаючы з Е-4. А танга – гэта ўжо клас Е-6. Калі да нас звяртаюцца дарослыя, якія мараць хутка асвоіць танга, мы вымушаны адмовіць ім. Шлюбнаму вальсу можна навучыцца за пяць заняткаў. Танга праз некалькі рэпетыцый (альбо трэніровак) ты танцаваць не будзеш.
А яшчэ Анжаліка расказала, што ў кожнага чалавека свая матывацыя для заняткаў. Напрыклад, дарослыя прыходзяць займацца, каб лепей зразумець сваіх дзяцей. Але такі матыў – не для доўгіх заняткаў. Бацькі штосьці вывучылі, штосьці могуць паказаць, і далей ім ужо нічога не трэба.
– Верагодна, яны дасягнулі нейкага прафесійнага ўзроўню ў сваім асноўным занятку… – кажа кіраўнік «Грацыі». У траўні мы праводзім выпускны ў Лядовым. Дзеці вельмі ахвотна прымаюць у ім удзел. У адрозненні ад сваіх бацькоў… Дарослыя могуць паказаць, чаму яны навучыліся тут, у файе трэцяга паверху толькі перад люстэркамі.
– Анжаліка, наколькі развіта ў нас культура танга?
– У параўнанні з суседнімі краінамі – не вельмі. У Літве існуюць развітыя лацінскія групы, там танцуюць сальсу. У Польшчы развітыя клубы танга. Але для такіх клубаў павінна быць пэўная атмасфера.
Танга – не толькі цёмна-чырвоныя касцюмы і панчохі ў сетачку. На жаль, у нас пакуль усё круціцца вакол спорту… Хаця той жа ансамбль «Тад» пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Куракулава танцуе і класічнае танга. Можа, калі-небудзь я буду займацца толькі танга – смяецца Анжаліка.
Ілюстрацыя http://www.playcast.ru