«Зялёныя сумкі» – 2

| Без катэгорыі

Зараз я ўжо магу сказаць самой сабе: мне, як навучэнцу ШМЖ, гэты досвед быў проста неабходны. І не з-за таго, што я выканала нейкую, дагэтуль незнаёмую мне працу, і атрымала новы досвед… Я ўбачыла столькі розных людзей! Натуральна, з рознай рэакцыяй на перапіс, рознымі адносінамі да гэтай з’явы і не толькі.

 

Шырокая папулярызацыі перапісу на рэкламных шчытах і ў СМІ абудзілі грамадзянскую свядомасць насельніцтва, і яно стала больш адказна адносіцца да гэтай справы і даволі ветліва сустракала перапісчыкаў.

 

Напрыклад, ўбачыўшы перапісчыка ў ліфце ці на лесвіцы, «неперапісаныя» жыхары цікавіліся, калі прыйдуць да іх. Хаця застаюцца, як і паўсюль, грубіяны і хамы. Так, адна жанчына, сцвярджаючы, што не першы дзень жыве на гэтым свеце, адмовілася адказваць на пэўныя пытанні, выгнаўшы перапісчыка за парог кватэры.

 

Акрамя таго, па горадзе пачалі хадзіць чуткі наконт колькасці і пастаноўкі пытанняў у анкеце. Мала хто не здзівіцца, спаслаўшыся на сяброўку або супрацоўніцу, што насамрэч іх не так ужо і шмат, і не такія яны страшныя.

 

Аднак па-ранейшаму большая палова задумваецца пры адказе на пытанне пра прадукцыю, якая «вамі вырабляецца», ці паслугі арганізацыі, дзе «вы працуеце». Гэта сапраўды дзіўна – чалавек быццам працуе, але дакладна не ведае, што робіць… Асобная тэма для роздуму і даследванняў.

 

Сустракаюцца, але рэдка, сем’і паліглотаў, дзе кожны член свабодна валодае рознымі замежнымі мовамі. Шкада толькі, што яшчэ трывае ў грамадстве Беларусі стэрэатып вызначэння сваёй нацыянальнай прыналежнасці па веравызнанні. Такім крытэрам для адказу на адпаведнае пытанне карысталася каля 30% рэспандэнтаў.

 

Заўважаецца павелічэнне колькасці людзей, якім не падабаецца беларуская мова, прычым, прылічваюць яны сябе менавіта да беларусаў. Знікае і нацыянальная самасвядомасць, бо палова людзей гаворыць, што ў пашпарце гэта не напісана, таму «адзначце: беларус».

 

Перапіс яшчэ раз даказвае існаванне ў нашага народу такіх этнічных рысаў як гасціннасць і талерантнасць, паколькі шмат хто прапаноўвае гарбату, каву. А то і за стол запросіць перапісчыка і раскажа яму пра сваіх родных, пакажа фотаздымкі, падорыць кнігу.

 

Да канца перапісу застаўся адзін дзень – хто яшчэ застаўся няўлічаным і каго не наведала «зялёная сумка» мае час перапісацца на стацыянарным участку.

Фота «ВМ»