У каго – рэвалюцыя, а ў каго – «каменнае стагоддзе»

Інтэрнэт у свеце даўно ўжо перастаў быць толькі інструментам для камунікацыі ды забаваў. Урады многіх краінаў паставілі Сеціва на службу сваім грамадзянам, спрасціўшы такім чынам доступ да многіх паслугаў, дзеля якіх раней даводзілася аббіваць парогі розных кабінетаў. Вось і ў суседняй Польшчы на пачатак 2010 года запланавана электронная рэвалюцыя. Згодна з планамі польскага ўраду, грамадзяне гэтай краіны з дапамогай інтэрнэту змогуць скарыстацца больш як 100 відамі новых паслугаў. Беларусам з гэтым давядзецца пачакаць.

 

Да прыкладу, для атрымання копіі нейкага дакуманту, скажам, у ЗАГСе, цяпер не трэба будзе ісці ў гэтую ўстанову. Дастаткова будзе проста даслаць запыт па электроннай пошце і супрацоўнікі ЗАГСу вышлюць электронную копію патрэбнага дакуманта па пазначаным грамадзянінам адрасе. Праз інтэрнэт можна будзе атрымаць згоду на высяканне ці пасадку дрэваў у двары, дазвол на ўтрымане ў доме сабакі агрэсіўнай пароды, на працаўладкаванне іншаземцаў і г.д.

 

Для абслугоўвання насельніцтва з дапамогай інтэрнэту будзе створана электронная Платформа Паслугаў Публічнай Адміністрацыі – сваеасаблівы аналаг «Аднакласнікаў». Кожны чалавек зможа «залагініцца» у гэтай сістэме і выкарыстоўваць яе для высылання альбо атрымання патрэбных электронных дакумантаў.

 

Польскі ўрад і раней надаваў шмат увагі выкарыстанню інтэрнэту для забеспячэння большай даступнасці і празрыстасці дзяржаўных установаў. Так, яшчэ з канца 90-х гг. мінулага ст. усе структуры ўлады, усе публічныя ўстановы абавязаны мець свае вэб-старонкі, з дапамогай якіх грамадзяне маглі б атрымліваць патрэбную інфармацыю, атрымліваць пэўныя паслугі. У жыццё многіх палякаў ужо стала ўвайшла практыка он-лайн закупаў, браніраванне авіябілетаў і месцаў у гатэлях.

 

Студэнты актыўна карыстаюцца сістэмай USOS (універсітэцкая сістэма абслугоўвання навучання), якая акумулюе інфармацыю пра кожнага студэнта. Праз яе студэнт абавязаны рэгістравацца на ўсе заняткі і залікі. Тут сабраная інфармацыя пра стыпендыі і ўсе адзнакі, які атрымлівае студэнт у часе навучання.

 

Палякі актыўна карыстаюцца банкаўскімі он-лайн паслугамі. Праз он-лайн пералікі «ходзяць», у асноўным, невялікія сумы – авансы за нумар у гатэлі, аплата за он-лайн закупы, за мабільную сувязь, выплаты пазыкаў і г.д. Згодна з дадзенымі Саюза польскіх банкаў, у сакавіку 2009 г. каля 7 млн. палякаў скарысталася з электронных банкаўскіх пералікаў. І ўсё ж, на думку польскіх экспертаў, Польшча пакуль істотна адстае ад многіх іншых краін па тэмпах інтэрнэтызацыі дзяржаўнай адміністрацыі. Так, у Эстоніі за 2 гадзіны праз Інтэрнэт можна зарэгістраваць фірму. У Венгрыі – атрымаць рэгістрацыйны нумар свайго аўтамабілю і г.д. Палякі пакуль пра гэта могуць толькі марыць.

 

Як, дарэчы, і беларусы. З фармальнага пункту гледжання, сёння ўсе беларускія гар- і райвыканкамы маюць свае сайты. Але рэальна вырашыць з іх дапамогай нейкія пільныя справы (атрыманне даведак і г.п.) немагчыма! Стаўка зроблена на «адзіныя вокны», якія, аднак, сутнасці праблемы не змяняюць, бо чалавеку нават па дробнай справе ўсё роўна даводзіцца аббіваць парогі чыноўнікаў, сядзець у чэргах. Нават замовіць «талончык» да ўрача праз інтэрнэт у Гродна сёння немагчыма!

 

Зразумела, што стварэнне адзінай дзяржаўнай сістэмы электроннай адміністрацыі патрабуе сур’ёзных выдаткаў, але ў блізкай перспектыве гэта дазволіць моцна з’эканоміць сродкі на аплаце працы цэлай арміі клеркаў. Дарэчы, менавіта дробныя чыноўнікі з’яўляюцца найбольшымі праціўнікамі блізкай электроннай рэвалюцыі ў Польшчы. Ва ўсеагульнай дзяржаўнай інтэрнэтызацыі яны бачуць пагрозу для сваіх працоўных месцаў. Няма сумневу, што і ў Беларусі перавод вялікай часткі паслугаў насельніцтву ў электронны фармат таксама будзе выклікаць моцны супраціў.

 

Але не рухацца ў гэтым кірунку – значыць свядома заставацца ў «каменна-бюракратычным стагоддзі», свядома працягваць выпрабоўваць беларусаў чэргамі, «адпіскамі», хамствам асобных чыноўнікаў.