«Зялёныя сумкі –3». Споведзь перапісчыка

|

Калі я прадставілася і сказала што хачу ўзяць у яе інтэрв’ю, яна збянтэжылася. Але пасля майго абяцання не раскрываць яе імя, рашылася і распавяла ўсё, як ёсць. Пачнем з таго, што нашых перапісчыкаў узброілі сумкамі зяленага колеру, пасведчаннем, пяццю алоўкамі, ліхтарыкам, свістком і ў дадатак… міліцыянерам.

 

Зялёненькая сумка з’яўляецца адным з паказчыкаў, што перад табой перапісчык. Не гледзячы на гэта, пасля перапісу яе, вядома ж, адбяруць. Цікава, няўжо яна будзе захоўвацца ўсе дзесяць гадоў да наступнага перапісу? І ці не заслугоўваюць сумленна адпрацаваўшыя перапісчыкі маленькай «зялёнай» узнагароды? Як памяці пра падзею, у якой прымалі непасрэдны ўдзел…

 

Пяць гелевых алоўкаў было выдадзена прыблізна на… трыста чалавек. Пытанне: як і хто разлічваў колькасць геля ў алоўку на аднаго перапісчыка? Ліхтарык, вядома, прызначаны для асвятлення дарогі ў цёмных месцах. Але што можна асвятліць маленькім кішэнным ліхтарыкам у прыватным сектары ў цёмны час сутак? А гэты цёмны час сутак у кастрычніку, вядома, трохі адрозніваецца ад «цёмнага часу» ў чэрвені. Цікавіўся той, хто паклапаціўся пра аснашчэнне перапісчыка промнем святла ў цёмным царстве, як увогуле асвятляецца прыватны сектар у гарадах? Не будзем казаць пра вёску.

 

А што рабіць, калі раптам на перапісчыка нехта нападзе? Напрыклад, сабака. Тут на дапамогу прыходзіць свісток – галоўная зброя перапісчыка ў экстраных выпадках. У самых экстрэмальных умовах выдаюць персанальнага міліцыянера. Напрыклад, тады, калі павінен адбыцца візіт у так званыя «небяспечныя» кватэры. Але статут «небяспечнай» трэба яшчэ заслужыць. У маёй суразмоўніцы-перапісчыцы на сто сорак кватэр выпала толькі дзве такіх (прызнаных афіцыйна). Можна сказаць, пашанцавала. Але ў кожнай са 140 кватэр пражываюць людзі з рознымі характарамі, поглядамі і настроем. Так чаму ж, на такую адказную працу не набралі дужых мужчын? А таму…

 

За выкананую працу «мая» перапісчыца атрымае чатыры базавых велічыні – сто сорак тысяч рублёў. У яе выпадку, як раз па тысячы за кватэру. Затое за «распаўсюд» інфармацыі можна атрымаць штраф памерам у дзесяць базавых велічынь, то бок, 350 тысяч рублёў. Вось чаму наша перапісчыца засталася ананімам.

 

Я пацікавілася пра тое, як жывуць гарадзенцы. Не па «перапісных лістах», а па-сапраўднаму. Перапісчыца адказала, што адназначна адказаць на гэта не магчыма, бо ўсё залежыць ад узроўня дастатку кожнай асобнай сям’і.

 

Але мая суразмоўніца лічыць, што перапіс дапамог ёй набыць неацэнны досвед зносін з людзьмі і навучыў знаходзіць выйсце з цяжкіх сітуацый. Тым больш, што, не гледзячы на вызваленне ад заняткаў, студэнтцы-перапісчыцы ўсё адно даводзілася наведваць лекцыі. У наш час пройдзены матэрыял спецыяльна для асобных студэнтаў, хоць і тры разы перапісчыкаў, паўтараць ніхто не будзе. А экзамены здаваць прыйдзецца.