Пра «Вільню – нашу». І вашу. І вось вашу, канешне, таксама…

|

Гэта, тым не менш, не перашкаджае асобным іх суайчыннікам ведаць пра гэты горад толькі тое, што ў ім можна набыць салодкую елачку шакоцісу, а на Калядкі – яшчэ і са зніжкай… Каму ўсё ж такі належыць Вільня і над чым яшчэ, акрамя смакавых якасцяў літоўскіх тортаў, не перашкодзіла б задумацца? Чытайце ў гэтым эсэ.

 

На напісанне эсэ мяне натхніла сама мая святочная штодзённасць. Натхняла, тым не менш, не адзін дзень, не тыдзень і нават не месяц. Але канчатковае рашэнне ўсё ж выліць думкі на віртуальны аркуш я прыняла ў Варшаве, падчас адукацыйнай сустрэчы беларускіх журналістаў, якую ладзіў Цэнтр міжнародных адносін пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча. А калі дакладней – падчас дыскусіі з кіроўцам міжнароднага аддзелу польскага тыднёвіка POLITYKA Марэкам Астроўскім. Калі гаворка зайшла пра стан палякаў і беларусаў у Польшчы і палякаў у Літве, ён сказаў: «Мне б хацелася, каб мой сын мог прыехаць у Вільню, ці ў Наваградак і сказаць: «Гэта – мой дом, мая радзіма», і каб ніхто не сказаў бы яму нічога насуперак. Хацелася б, каб кожны з вас мог прыехаць у Літву ці Польшчу і сказаць тое ж самае…»

 

Я не гісторык, ды і філосаф з мяне пасрэдны. Я не прэтэндую на ісціну ў апошняй інстанцыі, а проста выкладаю свае думкі, якія цяжка ўвесь час трымаць у сабе, і якія, магчыма, падштурхнуць некага да новых разважанняў. Нагодай жа сталі ўгодкі вяртання Вільні Літве – на гэтым тыдні спаўняецца роўна семдзесят гадоў, як Вільня зноў афіцыйна стала літоўскім горадам. Літоўцы сустракаюцца са змагарамі за незалежнасць Літвы, святкуюць дзень падзення акупацыі. Нейкі «неаўтарызаваны» паляк (віцэ-прэзідэнт Саюза палякаў Літвы сцвярджае, што ні слова пра такую ідэю не чуў) ўскладае тым часам чырвона-белыя кветкі на дол, дзе пахаванае сэрца польскага маршала Юзэфа Пілсудскага – таго, чыё імя з той самай акупацыяй неразрыўна звязана.

 

Вільня? Вільна? Вільно? Вільнюс?..

 

…беларус жа, адбегшы на бяспечную адлегласць, бармоча, на ўсялякі выпадак сабе пад нос: «Дурні вы! Усё роўна Вільня – наша! Гэта ж агульна вядомы факт!» Не дарма кажуць, что калі хочаш «працягнуць нейкую сумніўную ідэйку, найлепшы спосаб гэта зрабіць – пачаць яе выкладанне словамі «па ўсім мяркуючы», «як усім нам добра вядома», «ніякіх сумневаў, што…» ці хаця б скончыць яе ўсклікам «гэта агульна вядомы факт!». Я заўсёды замілоўваюся, калі чую, што беларуская мова нібыта другая ў свеце па мілагучнасці – вельмі цікава, хто ж гэты мавазнаўца-паліглот, што такі «рэйтынг» складаў і якімі крытэрамі кіраваўся. Тым не менш – «агульна вядомы факт». Але гаворка не пра тое…

 

align=”left” >Ну, і што з «нашай Вільняй» рабіць? Варыянты? Я, напрыклад, прапанавала б звярнуцца за адказам да гісторыі. Але – вось бяда – як толькі справа даходзіць да Вільні, наша вялікая агульная, адна, як бы мовіць, на ўсіх гісторыя, згодна якой Вільня – як бы і агульная, адна на ўсіх спадчына, адразу драбніцца на такія маленькія па-нацыяналісцку эгаістычныя «гісторыйкі»: «Вільнюс, гістарычна літоўскі горад, на мяжы дзевятнаццатага і дваццатага стагоддзя зрабіўся культурным і палітычным цэнтрам адраджэння літоўскай нацыі!» – Скажуць літоўцы.

 

«Па першае, не Вільнюс, а Вільня,– адказваем мы, прыгожыя. – А па другое, не літоўскага, а беларускага адраджэння». І пачынаем пералік, як загавор: «Наша доля», «Наша ніва!», Яська, спадар з-пад Вільні Кастусь Каліноўскі!». «Кастусь Каліноўскі? – Перапытваюцца палякі. – Ды вы хоць ведаеце, хто такі быў Кастусь Каліноўскі?». Ну і гэтак далей. Ажно надакучыла…

 

Гісторыю, да таго ж, у апошнія часы стала модным «пераасэнсоўваць», што ў перакладзе на даступную мову значыць перапісваць. Так у часе нядаўняй дыскусіі «Угодкі вяртання Вільнюса: неадназначнасць гісторыі» было прапанавана лічыць вяртанне Літве яе цяперашняй сталіцы абумоўленым «развіццём дэмакратычных ідэй у Еўропе». «Даваеннай, напэўна…» – заўважыў аўтар літоўскага інфармацыйнага парталу DELFI Чаславас Ішкаўскас. Карацей, не варыянт гэта, як кажуць, ні разу.

 

Праспект Гедыміна. -са.

 

Раз нікому верыць нельга (нават гісторыі), трэба ўсё высвятляць самастойна. Можна, напрыклад, прайсціся па звілістых віленскіх вулачках самага вялікага ва Ўсходняй Еўропе старога гораду. Ці па праспекце Гедыміна (-са. Гедымінаса – упарта выпраўляюць мяне літоўцы), дзе ўвесну па пятніцах і выходных граюць ужывую музыку з «Амелі». Ці зайсці ў адну з сотні непадобных адна да адной кавярняў і паслухаць, нарэшце, пад спакушальны пах латэ з карыцай, на якіх мовах размаўляюць навокал. Мова, як кажуць – першы паказальнік нацыянальнай прыналежнасці (хаця ў такім выпадку ніколі не скажаш, што 60% жыхароў Гродна – беларусы).

 

Беларускую гаворку вы пачуеце. І не аднойчы. Але ж, будзем шчырымі, гэта далёка не самая папулярная ў Вільні мова. Часам здаецца, што польская і руская не менш распаўсюджаныя за літоўскую. Шмат людзей выдатна размаўляюць на ўсіх трох, ды і не думаюць на гэтым спыняцца. Так, мой літоўскі сябра валодае ажно сям’ю мовамі!? Такіх, вядома, нават у Вільні жыве не так шмат, але ж, паверце, тут ён не адзіны! І самае цікавае, такія людзі маюць магчымасць пастаянна практыкавацца ў мовах, не выязджаючы з Вільні. З рускімі размаўляюць па-руску, з палякамі – па-польску, а з італьянцамі, што завіталі сюды на выходныя – па-італьянску… Так што, калі вы сапраўды хочаце зразумець, што такое талерантнасць, вам адназначна варта наведаць калі не Амстэрдам, то хаця б Вільню.

 

«O Litwo!.. »

 

А не так даўно на беларуска-літоўска-польскім памежжы я сутыкнулася з літоўскім палякам, які вяртаўся ў Вільню. Даведаўшыся, што я з Беларусі, ён адразу перайшоў на рускую мову, якой, на маё здзіўленне, валодаў на ўзроўні роднай. Не гледзячы на тое, што ўсё свядомае жыццё ён правёў у Вільні, ён увесь час знаходзіў падставы папракнуць Літву і за нешта пахваліць Польшчу. Мой сябра, якому давялося быць у той момант побач, не вытрымаў: «Чаму б вам тады не пераехаць у Польшчу?». «А чаму я павінен туды ехаць? – Шчыра здзівіўся наш суразмоўца. – Тут, пад Вільняй, жылі мае бацькі, дзяды і прадзяды. Мае карані – тут!».

 

Я адразу ж узгадала міцкевіцкі радок, якім той распачаў свайго «Пана Тадэвуша»: «O Litwo, Ojczyzno moja…» – напісаў ён на польскай мове пра землі, якія належаць да тэрыторыі сучаснай Беларусі. Мне ледзь хапіла сіл не ўзмаліцца: «O Litwo!..». Як там? Напісанае застаецца?..

 

Карацей, калі нават спачатку ў мяне былі нейкія цвярозыя думкі і адноснай свежасці ідэі наконт нацыянальнай прыналежнасці Віленшчыны, больш чым за год сваіх назіранняў і разважанняў, я заблыталася канчаткова. Адзінае, у чым я ўпэўнена на ўсе 99,9%, так гэта тое, што Вільня для мяне асабіста была і застаецца самым беларускім горадам з усіх, якія я калісьці бачыла. І я смяюся скрозь слёзы, я бясконца шкадую, што для большасці беларусаў трапіць сюды значна цяжэй, чым бельгійцам ці фінам.

 

Тут вам і беларускія СМІ, і НГА, сярэдняя школа, што носіць імя Францыска Скарыны, і родны ЕГУ, які, вядома, хоць і не самы беларускі ўніверсітэт, але ж прыкладна такі, якім бы мне хацелася бачыць беларускія ВНУ… Аднак беларускасць Вільні зусім не адмаўляе яе літоўскасці, польскасці, рускасці… «Бо, – як пісаў Адам Глёбус, – Вільня ў кожнага свая», і яе, як пісаў Рыгор Барадулін, «на ўсіх хопіць!».