Пра ўкраінскі характар і Запарожскую сеч

| Без катэгорыі

Жыццё Кіева падобна да яго ландшафту: уверх-уніз, са сваімі супярэчнасцямі, цікавосткамі, нахабствам, радушнасцю і непаўторным духам свабоды.

 

Ноч. Хрэшчацік. У адным кутку людзі сабраліся паглядзець на брэйк-дэнсераў. Трохі далей, насупраць велізарнага, быццам высечанага са скалы будынку гарадской адміністрацыі, – саксафаніст зацягвае блюз. А вось немалады мужчына інтэлігентнага выгляду гуляе з сабакам (можаце сабе такое ўявіць на праспекце Незалежнасці ў Мінску?).

 

Уначы праезжая частка Хрэшчаціка становіцца пешаходнай. Дзве легкавушкі даволі павольна і акуратна заязджаюць на «пешаходную вуліцу». Мужчына, які толькі што ішоў побач з жонкай і дзвума маленькімі дачушкамі, наўмысна стаіць на шляху адной з машын. Калі тая тармазіць, пачынаюцца разборкі: я тут, маўляў, з сям’ёй гуляю, а ты на машыне ездзіш! Так чалавек бароніць свае правы – проста ўпэўнена адчувае сябе ў сваёй краіне.

 

«Я цікаўлюся збольшага справамі духоўнымі, а выбары… Не, на выбары я не пайду», – кажа ўкраінка з Вініцы, якую я сустрэў каля аднаго са шматлікіх кіеўскіх храмаў. «Не, не пайду, – адказвае кіроўца таксі, – хаця калі заплоцяць, ну-у, грывень 400-500, то можа і схажу: ад майго голасу ўсё адно нічога не залежыць».

 

Па дадзеных апытанняў на студзеньскія выбары ўсё адно збіраюцца прыйсці 85 % выбаршчыкаў. Што для украінца выбары: стыль жыцця, спорт, спосаб атрымаць дармавыя грошы? Мажліва, усё адразу. Палітычны турызм у выглядзе платных маніфестацый і намётавых мястэчак на галоўных плошчах стаў часткай кіеўскіх будняў. Палітычную рэкламу на вуліцах ужо цяжка адрозніць ад камерцыйнай – бадай таксама цяжка, як правесці паміж імі мяжу. «Яна – гэта Украіна», «Пачую кожнага», «Арсеній здрадзіў фронт» – калі бігбордаў і заклікаў на іх становіцца зашмат, людзі проста перастаюць звяртаць на іх увагу, гэта частка гарадской архітэктуры, не больш.

 

Побач з Майданам Незалежнасці, каля Залатых Варот, жывапісныя бабулькі гандлююць талерачкамі, магніткамі, пасведчаннямі «дэпутата Вярхоўнай Рады» ды іншымі сувенірамі. Побач ходзяць міліцыянты. Пра карумпаванасць украінскіх «вартаўнікоў парадку» складаюць легенды. Перад выхадам ў начны горад нам даюць, мабыць, дзяжурную параду: «шмат ня пейце: міліцыянты кішэні абчысцяць». Уражвае колькасць прыватных ахоўнікаў: амаль на кожным уездзе ва ўнутраны двор стаіць шлакбаум, а побач – рослы мужык ва ўніформе без азнакаў. Пэўна, што рэаліі сённешняй Ўкраіны дазваляюць кожнаму «феадалу» мець прыватнае войска на ўласны густ.

 

align=”left” >Наогул, Кіеў падаецца суцэльным царствам прыватнай ініцыятывы: усе сцены абклееныя аб’яўкамі (курсы гітары, арабскай мовы, йогі…), бясконцыя натарыяльныя канторы ў паўпадвальных памяшканнях, жанчыны з кветкамі і цыгарэтамі ў пераходах, баяністы ў метро, сівыя інтэлігенты з разваламі кніжак на Арсенальнай…

 

У такіх гарадах як Вільня, быццам, таксама шмат прыватных крамаў, бігбордаў, рэкламы, але пры ўсім гэтым Вільня – зусім іншы горад. Гэта горад-музей, лепшыя часіны якога ўжо мінулі. Гэтым абумоўленыя яго трохі павольныя, настальгічныя рытмы. Кіеў – жывы горад для жывых людзей.

 

Апошні дзень. Да цягніка засталося гадзіны чатыры. Таксоўка вязе нас у бок Кіева-Пячэрскай Лаўры. «Люблю гэтую працу. Я вось зараз магу сказаць: «хопіць на сёння» і паехаць дахаты. Мяне ніхто не прымусіць працаваць, разумееце?» – Кажа коратка падстрыжаны кіроўца. Гэта, мабыць. і ёсць квінтэсэнцыя ўкраінскага характару, стыль жыцця гэтай краіны. Аранжавая рэвалюцыя дала ўкраінцам усё, што заўгодна, але не працаздольны ўрад. Яна дала ім палітычную свабоду, а разам з ёй такі ўрад, на які можна не звяртаць увагі, які можна ігнараваць. А што яшчэ патрэбна ўкраінцу?

 

Тут ты можаш дыхаць на поўныя грудзі, але разам з тым заўсёды будзе трошкі «стрёмна» і ўвесь час ты непакоішся пра змесціва ўласных кішэняў. Усё гэта нагадвае здзяйсненне мар Бакуніна ды Крапоткіна. А яшчэ больш нагадвае Запарожскую сеч. Сеч XXI ст.

 

Фота на застаўцы http://al-poline.livejournal.com