Гродзенскія палякі адзначылі Дзяды
За тры дні ўдзельнікі акцыі памяці наведалі дзесяткі пахаванняў і памятных знакаў, каб ушанаваць памяць палякаў, якія загінулі на Гродзеншчыне ў баях 1920-ых гадоў і ў восень 1939-га.
Ініцыятарам акцыі выступіў Саюз палякаў на Беларусі пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс.
Намеснік старшыні СПБ Мечыслаў Яцкевіч паведаміў “Твайму стылю”:
“ Акцыя ладзіцца ўжо каля 20 год, з самага пачатку існавання Саюза палякаў. Мы наведваем важныя для палякаў мясціны не толькі 1 лістапада, дзень памяці памерлых, але таксама 15 жніўня (дзень войска польскага) і 3 мая (Дзень канстытуцыі).
Магілак польскіх жаўнераў тут вельмі шмат. За тры дні мы паспелі наведаць толькі самыя важныя месцы пахаванняў”.
На месцах пахаванняў ускладаліся бела-чырвоныя кветкі і запальваліся свечкі.
Гасцей сустракалі мясцовыя прадстаўнікі польскай меньшасці, якія доўгія гады клапаціліся пра магілкі.
Учора шлях дэлегацыі пралягаў праз Індуру, Адэльск, Генюшы, Макаравічы, Эйсмонты, Свіслач, Малую Бераставіцу.
Каб трапіць на могілкі ў Ёдкавічах, людзям давялося прабірацца праз поле з цукровымі буракамі, на якім акурат збіралі ўраджай.
Фота з вэб-пляцоўкі http://poczobut.livejournal.com/