У гарадзенскіх аптэках па-ранейшаму дэфіцыт лекаў

|

 – Не помню такога ажыятажу за ўсё 30 гадоў сваёй працы – каментуе “Твайму стылю” сітуацыю з аграмадным попытам на супрацьвірусныя сродкі супрацоўніца адной з папулярных у горадзе аптэк. – Двесце пачак арпетолу змялі за 40 хв. Учора атрымалі інтэрферон – дык і яго за 10 хв. разабралі. Кажуць, на заводах не хапае сыравіны для вырабу асабліва папулярнага зараз арпетолу.

Супрацоўнікі даведак гарадскіх аптэк сёння з раніцы не могуць даць дакладнай інфармацыі пра тое, ці з’явяцца тыя ж арпетол ці арбідол на працягу дня ў продажы – на складзе гэтых лекаў, гэтак сама як і аксалінавай мазі, няма.

Невялікія запасы інтэрферону былі з ранку ў аптэках №35 на БЛК і № 199 на праспекце Янкі Купалы.

Па стане на ўчарайшні вечар у Беларусі зарэгістравана 85 выпадкаў захворванняў на свіны грып. Сорак cем чалавек ужо вылечыліся. Разам з тым, афіцыйна прызнана і смерць 7 чалавек, у арганізме якіх быў выяўлены сярод іншых вірусаў і вірус H1N1.

На Гарадзеншчыне сёлета ў кастрычніку вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі захварэлі больш за 12 тыс. чалавек. Гэта на 30% больш, чым у мінулым годзе. Найбольшую колькасць хворых складаюць дзеці да 14-ці год.

З-за вялікай колькасці хворых з гэтага тыдня паліклінікі вобласці будуць працаваць і па нядзелях. Такое рашэнне было прынята ўпраўленнем аховы здароўя аблвыканкама.

На здымку: гарадзенскія мытнікі і памежнікі яшчэ з 1 лістапада працуюць у марлевых павязках.

Фота prosto-free.livejournal.com