Сярод 100 самых паспяховых бізнэсоўцаў толькі два гарадзенцы
Кіраўнік акцыянернага таварыства “ЗОВ”, якое займаецца вырабам хатняй мэблі, дрэваапрацоўкай і шэрагам іншых відаў дзейнасці, Уладзімір Зухавіцкі (на здымку) займае ў рэйтынгу 73-е месца.
Сп. Зухавіцкі з’яўляецца ганаровым жыхаром Гродна. Апроч бізнэсу займаецца таксама грамадскай дзейнасцю: уваходзіць у Раду па развіцці прадпрымальніцтва, ачольвае гарадзенскае габрэйскае мемарыяльнае грамадскае аб’яднанне «Еруша».
“Буйны гарадзенскі бізнэсмэн, які складае канкурэнцыю вядомым сусветным брэндам у сваёй нішы” – такая характарыстыка ў каментарах да ТОП-100 дадзена ўладальніку акцыянернага таварыства “Контэ” Валянціну Байко (88-е месца ў рэйтынгу).
І сапраўды, у панчохах “Контэ” ходзяць ледзь не ўсе гарадзенкі.
ТОП‑100 найбольш паспяховых прадпрымальнікаў друкуецца з 2006 г. Удзел у стварэнні сёлетняга спісу бралі каля 40 экспертаў.
У аснове размеркавання месцаў у рэйтынгу «Ежедневник» два складнікі.
Па‑першае, гэта паспяховасць таго ці іншага фігуранта, якая ўключае ў сябе камерцыйную актыўнасць і ў цэлым стабільнасць бізнэсу ў разгляданы перыяд.
Па‑другое, гэта ўплывовасць, пад якой маюцца на ўвазе наяўнасць і ўменне карыстацца пэўнымі прыладамі ў камунікацыі з уладамі і бізнэс‑супольнасцю, якія дазваляюць забяспечыць тую ж актыўнасць і стабільнасць сваёй справы.
Фота www.ej.by