Габрэйская помста

|

Габрэйскі спецатрад масава здымае скальпы з немцаў у акупаванай Францыі. Перапалоханыя нацысцкія салдаты клічуць іх «Вырадкамі» і баяцца, як агню. Але «вырадкі» маюць значна большыя планы, чым проста помста. Іх намеры – спыніць вайну.

 

Найноўшы фільм Квенціна Таранціна гэта ўбойны кактэйль жанраў і прыёмаў, як заўсёды, з налётам нізкага жанру (гэтым разам італьянскага). У «Вырадках» ёсць і бойня, і здрада, і каханне, і жорсткасць і нават роздум над маральнасцю ў час найбольшай небяспекі. Толькі не варта думаць, быццам Таранціна паказаў нам штосці сур’ёзнае пра натуру чалавека ў крытычны час. Нязменны метад рэжысёра – сцёб і асабістая дыстанцыя ад таго, што ён паказвае. Высокамастацкае – так, бязбашанае – таксама, так. Чаго толькі вартыя мускулісты Жыд-Мядзведзь, які бейсбольнай бітай дробіць чэрапы фашыстаў, ці маўклівы і тупаваты Брэд Піт у ролі кіраўніка «Вырадкаў».

 

Квенцін – таленавіты самавучка. Ён ведае, што мы хочам убачыць. Смакаваныя сцэны аскальпоўвання немцаў чаргуюцца з выдатнымі, але крыху задоўгімі дыялогамі, аднак фільм не дае сумаваць. Дзве з паловай гадзіны мінаюць незаўважна. Пры тым, што напружанне падаецца ў вельмі абмежаваных дозах.

 

Натхняўся Таранціна класікай ваеннага кіно 60-70 гадоў: варта ўзгадаць «Брудны тузін», «Пушкі выспы Наварона» ці аднайменных «Бясслаўных вырадкаў» з 1978 году. Дадаў крыху коміксавага жанру: адмысловы спосаб прэзентацыі персанажаў ды брудны дысторшн чаргуюцца з сур’ёзнасцю і лірычнымі кампазіцыямі ў духу Энія Марыконэ. Драмы асобных людзей губляюцца ў сітуацыі, калі няма добрых ці злых герояў. Адна з такіх сітуацый – вайна. А вайна, паводле Таранціна, гэта смешна.

 

Смяшыць, ці можа хутчэй расчульвае рэжысёра і паліткарэктнасць. У стужцы, акрамя абсурднага жыдоўскага спецназу, ёсць і жыдоўска-негрыцянскае каханне. Здаецца, Квенцін з ухмылкай пахлопвае па плячы прадзюсераў: «Так-так, хлопцы, ведаю, без чорных сёння не зняць фільм». Незалежна ад усяго, ён застаецца верны сваёй уласнай традыцыі. Акрамя тыповай для яго жорсткасці, гэта, напрыклад, падзел фільма на фрагменты, часткова незалежныя адзін ад аднаго, але яны злучаюцца ў віртуозным фінале.

 

Моцны бок «Вырадкаў» – выдатна згуляныя персанажы, асабліва хітры паліглот Штандартэнфюрэр Ганс Ланда. Ён шукае, быццам дасведчаны дэтэктыў, забівае, як садыст і прадае радзіму, як апошняя свіння. Слабей вылучаюцца самі «вырадкі», не гледзячы на тое, што Брэду Піту надзвычай ідуць ролі тупагаловых качкоў. Але ж гэта не так істотна – яны далёка не галоўныя героі стужкі.

 

Таранціна ўдалося зняць надзвычай удалы ваенны фільм амаль без баявых сутычак, да таго ж з зусім агістарычным заканчэннем. Ён – чарговы ў спісе смелых, хто паспрабаваў выйсці за кананічныя рамкі апавядання пра Другую Сусветную. Хаця, сёння чорная камедыя пра тыя трагічныя падзеі – хутчэй норма, чым штосьці надзвычайнае.

 

Фільм: Бясслаўныя вырадкі / Inglourious Basterds, 2009 г., ЗША-Нямеччына, 153 хв.

Рэжысёр: Квенцін Таранціна

Жанр: фільм Квенціна Таранціна / ваенны / чорная камедыя

Асабістая ацэнка: а, халера з ёй, гэта Таранціна, для яго патрэбна іншая шкала