Амаль дарослыя гульні сапраўдных хлопцаў

|

Так, як напрыклад, Іван ПАлякоў – брамнік хакейнай каманды «Гродна-97» і яго сябры па камандзе. Яны заўсёды разам: у школе, у спартыўным класе СШ № 2, на трэніроўках, якія праходзяць два разы на дзень: зранку і ўвечары. Хлопцы даўно займаюцца хакеем і пакуль не маюць намеру пакідаць спорт «сапраўдных мужчын».

>

Больш таго, яны разумеюць, што, каб гульня была цікавай для заўзятара, трэба быць не толькі добрым гульцом, але і не стандартнай асобай. Таму яны рупліва вучацца ў школе і ўжо цяпер спрабуюць вырашыць, якую справу абраць для дарослага жыцця. Вядома, яны мараць пра вялікі спорт, але разумеюць, што жыццё на лёдзе можа доўжыцца толькі да 30-35 год.

 

Але гэта будзе пасля. Зараз хлопцам трэба на лёд. У іх адказны матч, таму юнакі сур’ёзныя. Заклапочаны таксама і трэнер. Ён для іх, натуральна – прыклад, яго паважаюць і любяць, як тату. Трэнер з хлопцамі разам на працягу амаль шасці год. І вучыць іх не толькі хакейным мудрасцям. Менавіта ён, Сяргей Іванавіч, навучыў іх граць у камандзе, адчуваць сябе адзіным цэлым. Хлопцы расказалі, што калі ім было па 5-6 год, яны часта сварыліся паміж сабой, вінавацілі адзін аднаго ў кепскай гульні. Зараз яны разумеюць, што хакей – гульня камандная, таму спрэчак і сварак больш няма – «перараслі».

Сінія супраць чырвоных! «Гродна-97» супраць «Юнацтва»! Матч адказны, бо «Юнацтва» – зборная каманда з лепшых хакеістаў дзіцячага складу каманды «Керамін». Хвалююцца бацькі, перажывае трэнер. А хлопцы арыентуюцца на перамогу, таму твары ў іх засяроджаныя, рухі ўпэўненыя. Няма ніякіх сумневаў у перамозе. Першыя хвіліны першага перыяду: барацьба за шайбу, прыціскі да борту, штрафныя – усё як у дарослым хакеі. Як вынік…

 

«Гоо-оо-о-оол!!!» – Таты і мамы, як па камандзе, падхапіліся з трыбун. Бацькі ва ўсім падтрымліваюць юных хакеістаў, суправаджаюць іх у паездках, жывуць, як адна вялікая сям’я. У іх нават ёсць свой сайт, дзе абмяркоўваюцца і вырашаюцца розныя пытанні і праблемы.

Бацькі, якія прывялі дзяцей у гэты спорт, таксама намагаюцца рэальна глядзець на рэчы, таму што з вялікай колькасці маладых хакеістаў прафесіяналамі становяцца адзінкі. На шляху да вялікага спорту шмат перашкод, якія бацькам прыходзіцца пераадольваць самастойна.

Пакуль Іван абараняе браму сваёй каманды, яго мама распавяла пра нялегкае жыццё хакеіста. Напрыклад, амуніцыя брамніка важыць больш за дзесяць кілаграмаў, а каб апрануць яе па ўсіх правілах спатрэбіцца амаль гадзіна. Каштуе яна яшчэ больш, чым важыць, у доларах, зразумела (каля 2000$). Больш таго, набываюць форму і ўсе прылады бацькі самастойна, хоць і даводзіцца ездзіць за імі ў Мінск або Літву. У мясцовых «Спартыўных таварах» можна купіць хіба што шайбу, магчыма, яшчэ, калі пашанцуе, то і клюшку.

 

Але бацькі не шкадуюць, што прывялі дзяцей у хакей. Як паведаміла Валянціна Іванаўна Палякова, яны з мужам заўсёды хацелі, каб сын займаўся спортам, а хакей выбралі таму, што гэта самы «прыгожы» від спорта, асабліва, калі глядзець яго «ўжывую», а не па тэлевізары.

 

Хвіліна, і трыбуны затойваюць дыханне: нападаючы «Юнацтва», узрушаны голам у свой бок, так рэзануў клюшкай, што шайба праляцела над нашай брамай, ледзь не прабіўшы загараджальную сетку. Сінія трыбуны ўздыхнулі з палёгкай. Ці надоўга? Хіба можна грашыма ацаніць тыя шчаслівыя хвілінкі, што перажылі юныя сапраўдныя хакеісты і іх бацькі.

Фота аўтара