Польскіх выкладнікаў не пускаюць у Гродна
Заняткі ў Гродне наведвалі каля 120 студэнтаў факультэту педагогікі і псіхалогіі ўніверсітэту ў Беластоку.
Яшчэ ўвесну адмову ў атрыманні беларускіх візаў атрымалі 17 выкладнікаў. Увосень адмовілі яшчэ трынаццаці чалавекам.
Як паведамляе “Газета Выборча“, цяпер беларускія студэнты павінны ездзіць на заняткі ў Беласток, што патрабуе ад іх сур’ёзных выдаткаў.
Арганізацыяй заняткаў у Гродне займалася грамадская арганізацыя Польска Мацеж Школьна.
Візы польскія выкладнікі атрымлівалі на падставе хадайніцтва ад гэтай арганізацыі. Цяпер жа беларускае консульства ў Беластоку патрабуе хадайніцтва з боку якой-небудзь беларускай дзяржаўнай структуры.
– Гэтыя заняткі адбываліся ў Гродне неафіцыйна, без усялякага ўзгаднення з нашым міністэрствам адукацыі. З прававога пункту гледжання гэта ўвогуле нельга назваць навучаннем. Таму мы не можам выдаваць візы. І прашу не ўмешваць у гэта палітыку, бо размова ідзе пра…глупства арганізатараў. Калі Беластоцкі ўніверсітэт атрымае ў нашым міністэрстве ўсе дазволы – не будзе аніякіх праблем з візамі – пракаментаваў польскім журналістам сітуацыю Генеральны консул Беларусі ў Беластоку Міхаіл Аляксейчык.
У сваю чаргу прадстаўнікі незалежнага польскага руху ў Гродне схільныя бачыць у гэтай сітуацыі чарговую спробу беларускіх уладаў абмежаваць правы польскай меншасці на атрыманне адукацыі на польскай мове.
На здымку: будынак беластоцкага ўніверсітэту.
Фота: www.edukacjapl.pl