Каханне… ў кiшэнi

|

Фрэйд казаў, што мужчына шукае спадарожніцу жыцця, падобную да яго мацi, а жанчына – да бацькі. Kалi жанчына шукае сабе мужчыну на некалькi год старэйшага за яе, гэта значыць, што яна мае патрэбу ў «бацькоўскай» заклапочанасцi пра яе i ў апецы. Калi наадварот – ён малодшы за яе – гэта прыклад «жанчыны-мацi».

 

Псiхолагi лiчаць, што ў выпадку значнай узроставай розніцы здараецца «эфект нажнiц». Шлюбы альбо пары не маюць поспеху. Асаблiва калi жанчына цi мужчына старэйшая (шы) за сваю палавiнку гадоў на 15. «Эфект нажнiц» – гэта калi сэксуальныя i псiхалагiчныя патрэбы развiваюцца ў зваротным накірунку: праз некалькi гадоў патрэбы «малодшай палавiнкі» змяняюцца, яна становіцца больш самастойнай, i яе ўжо не задавольваюць адносiны «бацька-дачка» альбо «мацi-сын». У грамадстве ідэальнай парай лiчыцца тая, у якой ён старэйшы за яе на 5-7 гадоў.

 

Вядома, што мужчынская сэксуальнасць прыпадае на 18-25 гадоў. Таму жанчыны ва ўзросце больш любяць маладых мужчын. Вось адзін прыклад, які распавяла мне жанчына, на вачах якой развіваліся дзіўныя адносіны… Імёны тут змененыя.

 

Пяць гадоў таму Яўген сустрэў Марыну, якая была старэйшая яго на 15 год. Але Марына выдатна выглядала, і 25-ці гадовы хлопец шчыра закахаўся, не ведаючы аб яе паспяховым матэрыяльным становішчы. Пачаўся раман. А зараз яны жывуць па… фiнансавай дамове. Яўген мае добрае аўто (але «валодае» па даверанасці), аднапакаёвую кватэру (уладальніца – Марына). Яму не абавязкова працаваць… За пяць гадоў ён так прыстасаваўся да «цёплых» умоў, што не заўважае, як некаторыя патрабаванні Марыны абураюць яго самалюбства: ён не ходзiць адзін у клубы, не мае права знаёмiцца з дзяўчынамi. За «казачнае жыццё» Яўген павiнен мець сэксуальны кантакт з Марынай не менш, чым два разы на тыдзень… Пэўна, спачатку гэта было каханне, цяпер – пагадненне.

 

Мадонна з Гаем Рычы не баялiся10 гадоў рознiцы ва ўзросте. А Дэмi Мур з Эштанам Катчэрам 15 гадоў…

>

Знакаміты «Няроўны шлюб» рускага мастака Васіля Пукірыва. Лічыцца, што малады чалавек на другім плане (справа, стаіць, скрасціўшы рукі) – сам мастак, а маладая – яго каханая дзяўчына.

 

На маю думку – гэта не вельмi правiльна і неяк дзiўна, але гэта толькi мая думка. Увогуле я лiчу, што калi ёсць каханне, то ўзрост – невялiкая перашкода. Вядома, калi людзям не важнае меркаванне грамадства. Дарэчы, што думае грамадства?

 

Наталля, 40 гадоў: Лiчу, што гэта фізiялагiчна ненармальна.

Насця,14 гадоў: Калi людзi кахаюць адзiн аднаго, узрост – не перашкода.

Андрэй, 28 гадоў: Для мяне нармальна, калі ён старэйшы гадоў на 5-6, а калi яна старэйшая за яго, то гэта зусiм ненармальна. Навошта хлопцу другая мацi?

Ганна, 30 гадоў: Кожны па-свойму да гэтага ставіцца… Але якая розніца тым, хто кахае асобу старэйшую альбо малодшую за сябе? Гэта нармальна.

 

Мы запрасілі каментар і ў псіхатэрапеўта з Мінску Алены Пятроўны Паляковай:

 

– Статыстыка сцвярджае, што ў сярэднім у свеце мужчыны аддаюць перавагу ў якасці партнёркі жанчынам, якія на 2,66 году малодшыя, а жанчыны – партнёрам, якія на 3,42 года старэйшыя. Навукоўцы тлумачаць падобныя факты тым, што чым жанчына маладзей, тым больш відавочна ў яе выяўленыя прыкметы здольнасці да нараджэння дзіцяці. А жанчыны, выбіраючы мужчыну старэйшага за сябе, імкнуцца да яго статусу і матэрыяльным каштоўнасцям, якія змогуць забяспечыць будучыню нашчадкаў. Але… Свет змяняецца. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын у нашай у краіне на 12 гадоў менш, чым у жанчын! Гэта – раз. Другое, паглядзіце на 40-гадовую гараджанку – падцягнутая, зграбная, маладая, на твары ні маршчынкі. Мужчыны ў 40 год маюць нават некаторыя сэксуальныя праблемы… Увогуле ўсё адносна. Магу сказаць сапраўды, што розніца ў 5 гадоў (і ў адзін і ў другі бок) не з’яўляецца адчувальнай: людзі алежаць да аднаго пакалення. Самае галоўнае, каб супадалі духоўныя інтарэсы, а матэрыяльныя былі зведзеныя да мінімуму. Пагоня дзяўчынак за «папікамі», або альфонсаў за кабеткамі… Што можа быць агідней?

 

А вось, што сцвярджаюць астролагі: саюз аднагодак – гэта саюз двух «старасвецкіх памешчыкаў» (які прадугледжвае кучу дзетак і бясконцыя слоікі варэння на зіму). Адносіны паміж партнёрамі ў 5, 10 або 15 гадоў асабліва добрыя, калі абодва займаюцца адной справай. Скажам, ён рэжысёр або прадзюсар, яна – актрыса або спявачка. Або: ён – дырэктар, яна – бухгалтар. Яркія прыклады: Радзівон Шчадрын і Майя Плісецкая (розніца ў 5 гадоў), Джон Ленан і Ёка Она, якая была старэйшая на 10 год.

 

А як ты лічыш, чытач?

Фота http://artnow.ru