КВЗ як стыль жыцця

|

Кіруючыся такімі разважаннямі, вырашыла паназіраць за падрыхтоўкай аднаго з фіналістаў – камандай ГрДзУ імя Янкі Купалы «Что к чему». Яна грае толькі другі сезон, а афіцыйным днём нараджэння каманды лічыцца 22 сакавіка 2008 году, калі ўпершыню выступіла перад публікай і журы на сцэне.

 

Гуляць у КВЗ было даўняй марай, таму аднакласнікі і аднагрупнікі з добрым пачуццём гумару, некаторымі акторскімі дадзенымі і аптымістычна-пазітыўнымі імкненнямі, вясёлыя і знаходлівыя, не сталі чакаць, пакуль хтосьці пакліча іх да сябе ў каманду, а самі вырашылі стварыць сваю. А жарты і смешныя сітуацыі само жыццё падказвае – надпісы на студэнцкіх партах, размовы ў аўтобусах і тралейбусах, мінакі, стэрэатыпы ў грамадстве. Бываюць падзеі, з якіх проста грэх не пасмяяцца (зараз, бадай, гэта перапіс насельніцтва). Аднак чорны гумар і пошласць пакідаюцца па-за ўвагай, ды і рэдактар лігі не прапусціць гэта на сцэну.

 

Увогуле, кавэзэшнікі – творчыя асобы, а натхненне прыходзіць зусім не чакана, так што сцэнар пішацца не «па плане» і не існуе фіксаванай схемы яго напісання, а па меры прыбліжэння выступлення рэпетыцыі адбываюцца часцей. Дарэчы, каманда пераконвала мяне, што не верыць у забабоны, аднак не любіць загадваць наперад, то бок «не кажы гоп, пакуль не пераскочыш».

 

Паміж гродзенскімі камандамі склаліся сяброўскія адносіны, яны ахвотна дапамагаюць адна адной у часе выступлення, шчыра радуюцца перамогам і перажываюць з-за няўдач і не было ні аднаго прыкладу шкодніцтва канкурэнтам. Вельмі важнай для выступаючых з’яўляецца падтрымка гледачоў, яна надае ўпэненасці.

 

Размаўляючы з камандай, я зразумела, што стэрэатып сумных, нясмешных, млявых і г. д. гродзенскіх кавэзэшнікаў тэрмінова патрэбна разбураць, бо насамрэч людзі напоўніцу аддадзеныя гэтай гульні, бачаць яе сваім стылем жыцця. Напэўна, хопіць абвінавачваць іх у няўдалых жартах, а прыняць іх і пачаць ганарыцца, што ў горадзе ёсць асобы, якія не бачаць жыццё шэрым і нецікавым і хочуць гэта данесці да нас. Яны крытыкуць нас жа саміх, грамадства, каб выправіць і «не грузіцца». P. S. Пасля размовы з кавэзэшнікамі мой асенне-дэпрэсіўна-песімістычны настрой стаў паволі ператварацца ў аптымістычна-пазітыўны.

Фота kvngrodno.narod.ru