Развіццё агратурызму. Польскі досвед

|

А тым больш, калі побач такія суседзі, як Польшча ці Літва, ці хаця б Украіна – хто да нас завітае? На так званыя аграсядзібы, на якія практычна ўскладзеная місія развіцця турыстычнай сферы, я, асабіста, таксама асаблівых надзей не ўскладала, пакуль мне неяк папулярна не патлумачылі, што пакуль я ўжо ў думках дзесьці з японскімі тургрупамі, беларусам таксама трэба, хоць зрэдку, адпачываць…

 

А трохі пазней я даведалася, што ў суседняй Польшы, дзе і мора, і горы, і «зорныя» гатэлі, і ажно дзесяць (!) гарадоў ў спісе сусветнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА, адзін з чатырох асноўных напрамкаў развіцця нацыянальнага турызму – менавіта агратурызм. І развіваецца ён троху больш, чым паспяхова: зараз ён займае трэцяе месца ў спісе самых паспяховых у фінансавым плане сфер дзейнасці ў Польскай Рэспубліцы і прыносіць дзяржаве нават больш грошай, чым здабыча вугля.

 

Справа, па-першае, у тым, што менавіта турызм прыцярпеў найбольшую колькасць зменаў з уступленнем Польшчы ў склад Еўразвязу пяць гадоў таму. І, зразумела, спецыялісты па турызме як ніхто іншы адчулі на сабе далучэнне краіны да Шэнгенскай прасторы напрыканцы 2007-га – перад Калядамі (вось гэта, я разумею, падарунак!).

>

Мяжа Еўразвязу фактычна перамясцілася на ўсходняю мяжу Польшчы. Натуральна, роля Польшчы як дзяржавы на скрыжаванні шляхоў і цывілізацый, значна павялічылася, з ёю павялічылася і адказнасць за захаванасць межаў. Тым не менш, Польшча годна спраўляецца з памежным кантролем над перасоўваннем людзей і тавараў і засталася адкрытай для наведвальнікаў з усіх куткоў свету.

 

Не дзіўна, што з адкрыццём межаў самыя слабыя тураператы Польшчы былі вымушаны «пакінуць гульню». Затое тыя, што засталіся атрымалі годную ўзнагароду – у рэкордныя часы яны наладзілі кантакты з заходнімі тураператарамі, і, нарэшце, пашырылі «рынак збыту» паслугаў. Канечне, прыйшлося шмат перарабляць, але польскія спецыялісты па турызме хутка зарэентаваліся ў новых для сабе ўмовах і пачалі пераймаць досвед заходніх калегаў, абачліва рэагуючы на ўсе заўвагі Еўропы.

 

Так з’явілася вузкая спецыялізацыя асобных агентстваў – фактычна, падзел працы і, калі жадаеце, сфераў уплыву. Крок можа і неадназначны, але якасць паслугаў адразу палепшылася. Сваю ролю ў гэтым адыгралі і спецыяльныя праграмы па развіцці турызму – у прыватнасці праграмы «Турын-1» і «Турын-2». Яны, па-першае, забяспечылі неабходнае фінансаванне, а па-другое, у іх межах, можна сказаць, быў складзенны план дзеянняў па развіцці турызму – напрыклад, за якія галіны брацца ў першую чаргу, і што, уласна, з імі рабіць.

Як не дзіўна, надзеі былі ўскладзены і на… агра- і «сентыментальны» турызм, гэта значыць на тыя напрамкі, якія зацікавяць у першую чаргу менавіта жыхароў Польшчы ці польскіх эмігрантаў (нагадаю, што на сентыментальны турызм і робяць стаўку беларускія тураператары).

 

Справа ў тым, што хоць ў параўнанні з Беларуссю, Польшча – турыстычны рай, тым не менш з Грэцыяй альбо Швейцарыяй ёй спаборнічаць даволі цяжка. Нават не таму, што там якасць паслугаў вышэй – палякі, як сапраўдныя максімалісты, зараз апрыентуюцца на самыя высокія еўрастандарты – і тым больш не таму, што вандроўка туды жыхару трэцяй краіны абыдзецца танней, чым у Польшчу – хутчэй наадварот. Але чаму тады? Справа ў тым, што не гледзячы на велізарныя поспехі ў развіцці, у тым ліку турыстычным, Польшча яшчэ не вельмі вядомы турыстычны напрамак (у параўнанні з тымі ж Грэцыяй ці Швейцарыяй). А што тады казаць пра Беларусь? Тэра Інкогніта, сябры, Тэра Інкогніта…

 

І прычына, быццам, зразумела: «калі няма грошай, то грошай няма». Але на аграсядзібы, якія прызваныя падняць беларускі турызм з небыцця грошай шмат не трэба… А нават, калі яны зваляцца на нашу светлую ва ўсіх сэнсах гэтага слова беларускую галаву, то і выкарыстаць іх варта думаючы. Па словах Дарыюша Войтала з Польскай палаты па турызме, турызм гэта, па-першае выява – «image». І калі на сустрэчы з ім я заікнулася пра агратурызм у Беларусі, ён параіў пачынаць не з домікаў, але з вэбсайтаў. Акрамя жартаў.

 

Польскі турызм у лічбах

 

Дзве гадзіны зойме пералёт Парыж-Варшава альбо Лондан-Варшава; пералёт Берлін-Варшава – у два разы менш.

У Польшчы 1,5 мільёнаў гасцінічных месцаў.

Тысячы рэстарацый, сотні месцаў правядзення вольнага часу.

94 % польскай тэрыторыі ахоплена сеткаю сотавай сувязі.

Польшча займае 8-е месца ў Еўропе па колькасці банкаматаў і 7-е месца ў свеце па колькасці замежных турыстаў.

 

*Артыкул падрыхтаваны з выкарыстаннем дадзеных, сабраных у часе адукацыйнага візіту «Польшча’89-Беларусь’91 – нераўназначныя змены».

На фота: “куточкі” сядзібы ў Мастоўскім раёне