Кватэрнае пытанне

|

Малюначкі люстраных столяў, вялікіх ложкаў і магутных крэслаў, глядзелі на мяне са старонак газеты і вабілі да сябе. Сярод распаўсюджаных каментароў пад фатаграфіямі былі камфорт, выгода і заўвага «Кампаніям не турбаваць». Я набрала нумар. Пасля пятай спробы свабодная кватэра знайшлася, i жаночы голас паведаміў, дзе, калі і ў колькі забраць ключ.

 

Цэнтр гораду, вуліца Гараднiчанская. Жанчына просіць прабачэння, прапануе пачакаць і кажа, што не паспела скончыць прыборку, а каб нас не затрымліваць, просіць выключыць пральную машыну пасля завяршэння працы. Схаваўшы сваё здзіўленне і абурэнне, я пачынаю распытваць яе пра мудрагелістасці кватэрнага бізнэсу, які па яе словах, ох якi цяжкі.

 

Нам «пашчасціла» здымаць кватэру, у якой гаспадыня пражывае асабіста і якая здаецца гэтак жа, як кватэра дачкі (з’ехала за мяжу). Сама бізнэс-вумэн тым часам ідзе начаваць да сяброўкі. Увесь аповяд суправаджаўся словамі пра цяжкае жыццё, пра добрасумленную выплату падатку і пра тое, што ёй з сынам (заможны сталы мужчына-прадпрымальнік) ніхто не дапамагае. Пры гэтым дамову арэнды мы… не складалі.

 

Па юрыдычных нормах, дамова арэнды дазваляе арэндадаўцу адчуваць сябе абароненым у выпадку надзвычайных акалічнасцяў, бо матэрыяльны аспект прычыненай шкоды ўскладаецца на таго, хто арэндуе.

 

Людзі, якія здаюць кватэры «па-чорнаму», замест складання дамовы, проста забіраюць пашпарт (што забаронена па законе). Пры ўзнікненні сітуацый шкоды кватэры па віне пастаяльцаў, гаспадары маюць права падаць іск у суд, але праблем з падатковымі органамі будзе больш, чым сума выплаты шкоды. Таму ў дадзеным выпадку забраны пашпарт з’яўляецца толькі «знакам уласнай упэўненасці і спробай заклікаць да пачуцця добрапрыстойнасці ў аднадзённых жыхароў.

 

У інспекцыі па падатках і зборах момант падаткаабкладання растлумачылі наступным чынам: пры сдачы кватэры на працяглы тэрмін падатак складае 28 000 у месяц за адзін пакой. Калі кватэра здаецца на суткі, арэндадаўца афармляе індывідуальнае прадпрымальніцтва, і плаціць падатак у памеры 50 еўра ў месяц за адну кватэру.

 

Калі кватэр некалькі – 80 еўра, пры ўмове не больш чатырох кватэр. Калі сума выручкі за месяц перавышае аплачаны падатак у 20 разоў, то ад розніцы сумы перавышэння ўносіцца дадатковая плата ў памеры 20%. Людзі, у якіх кватэрны бізнэс з’яўляецца асноўным, гэтак жа плацяць пенсійны ўнёсак у фонд сацыяльнай абароны ў памеры 35% ад базавай велічыні.

 

Кватэра з еўрарамонтам у цэнтры гораду каштуе 90-100 000 у суткі. У больш далёкім раёне – 60-70 000 рублёў. Прычым, пад «суткамі» маецца на ўвазе ноч. За дзённае знаходжанне даплата складае яшчэ 10-20 000 рублёў. Кошт кватэры без еўрарамонту, у якой з усіх выгод – рыпучая канапа, у цэнтры складае 60 000 рублёў у суткі, у мікрараёнах гораду – 45-50 000 рублёў. Калі ўсё дакладна падлічыць, атрымаецца, што плаціць падаткі і «спаць спакойна» (у сэнсе, ад клопату не за дзяржаву, а за асабістую кватэру) у некаторых выпадках можа быць больш выгодна, чым потым рамантаваць пакоі ці купляць новую мэблю.

 

Некаторыя гаспадары, клапоцяцца пра сваю кліентуру i пакідаюць у кватэры для агульнага карыстання каву, гарбату, нават маянэз і кетчуп. Чаго не скажаш пра іншых, якія нават не папярэджваюць пра тое, што будзе дзе і на чым прыгатаваць ежу. Таму, прагаладаўшыся, пяльмені нам прыйшлося адварваць у электрычным імбрычку – адзінае, што было з посуду.

 

У абумоўлены час прыйшла гаспадыня, усміхаючыся аддала пашпарт і парэкамендавала звяртацца зноў. Бо лепш за ўсё мець справу з праверанымi спакойнымі кліентамі…